https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Вяртанне ў Віфлеем. Сакрэты беларускай батлейкі


Каляды заўсёды адзначаліся з размахам. Так, у Фларэнцыі горад ператвараўся ў старажытны Віфлеем. Знакамітыя мастакі малявалі дэкарацыі, на розных пляцоўках разыгрываліся біблейскія сцэны.
З цягам часу некаторыя традыцыі адыходзілі, пра асобныя сюжэты і персанажаў (як, напрыклад, пра цара Ірада) на святы перасталі згадваць. Але на Беларусі ўсе гэтыя сярэднявечныя містэрыі працягвалі жыць у маленькай скрыні — батлейцы. Уласна, сама назва «батлейка» звязана з Віфлеемам (на Беларусі месца нараджэння Хрыста называлі Бэтлеемам).

Сёння батлейка актыўна адраджаецца. На зімовых канікулах батлеечныя спектаклі ідуць у многіх музеях і аграсядзібах, аднаўляць старажытны лялечны тэатр бяруцца дзеці ў школах і цэнтрах дадатковай адукацыі.

Калі раней батлеечныя спектаклі былі выключна каляднымі, то сёння лялькі ў скрынях могуць ажываць на працягу года, і аўтары эксперыментуюць са сцэнарыямі.

Так, у Жодзінскай гімназіі № 1 стварылі спектаклі, якія, у тым ліку, распавядаюць пра паходжанне назвы горада і пра вайну. Барысаўскія школьнікі спрабавалі ажыўляць батлейку летам і рабіць імпрэзу, завязаную на купальскіх сюжэтах. У Ашмянскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі батлеечнікаў зацікавіў лёс земляка-святара, пісьменніка Язэпа Германовіча, вядомага пад псеўданімам Вінцук Адважны. Ён шмат пісаў пра сваю малую радзіму, а таксама ствараў тэксты для батлеечнага тэатра, адзін з іх «Адам і Анэлька» гурткоўцы абралі для пастаноўкі. У аграсядзібе Стулы пры дапамозе лялек з батлейкі распавядаецца пра лёс народнага майстра. Аўтары сцэнарыя на аснове гутарак з мясцовым разьбяром па дрэве стварылі спектакль, які распавядае пра трагедыю вёскі, што некалі была шматлюднай, а пасля ў ёй застаўся толькі адзін жыхар.

Праўда, такія «вольнасці», звязаныя з пошукам новых сюжэтаў і часам паказу спектакляў, некаторыя аматары класічнай батлейкі не прымаюць. Нельга забывацца, калі і для чаго з`явілася батлейка. Магчыма, першыя прадстаўленні рабілі манахі-езуіты, з дапамогай шоу спрабавалі падаваць людзям біблейскія сюжэты, нагадваць пра нараджэнне Хрыста.

Чароўная скрынка

Спектакль ладзіцца ў такі час, калі гледачы чакаюць нечага незвычайнага (з батлейкай хадзілі па хатах на Каляды і Новы год). Таму існуе столькі розных нюансаў, якія павінны ўлічыць стваральнікі скрыні і лялек, і акцёры. Часам усю канструкцыю імкнуцца прыгожа распісаць і звонку, і знутры. Але важна ўмець рабіць сюрпрызы для гледачоў. Лепш, калі скрыня непрывабная, але адчыняюцца створкі... — і гледачы заміраюць, раскрываецца цуд. У класічнай батлейцы можа быць два-тры ярусы. Верхні (нябёсы) — для анёлаў і святых, а на ніжніх (зямля і падземны свет) могуць адбывацца дрэнныя з`явы і падзеі. Калі ўвесь спектакль праводзіць адзін акцёр,трэба адаптаваць сцэнарый так, каб былі задзейнічаны дзве рукі.

Варта пазбягаць доўгіх тэкстаў, бо маленькая нерухомая лялька не зможа доўга трымаць увагу гледача. Лялькаводу давядзецца пастарацца, каб ужо сваім голасам, аповедам, рухамі цацкі выклікаць эмоцыі ў тых, хто прыйшоў паглядзець выступленне. А яшчэ маленькая батлейка не для вуліцы: яна не разлічана на натоўпы.

Дык чый дзень нараджэння?

У гэтыя навагоднія святы батлейку можна было паглядзець на фестывалі «Радасць», які праводзіцца ў Мінску. Сюды са сваімі спектаклямі на калядную тэматыку прыязджалі калектывы з розных гарадоў Беларусі — Магілёва, Ракава, Віцебска, Лагойска, Гродна, Ляхавіч. Сярод іх — як спрактыкаваныя лялькаводы, удзельнікі батлеечных фестываляў, так і пачаткоўцы. У праграме, у тым ліку, — выступленні тэатраў ценяў. А яшчэ тут можна прагаласаваць за работы ўдзельнікаў конкурсу «Калядны вярцеп», у межах якога дзеці з нядзельных школ пры праваслаўных прыходах стваралі вырабы на сюжэт нараджэння Хрыста. Найлепшыя работы будуць перададзены ў дамы-інтэрнаты для састарэлых і інвалідаў.

— Любы дзіцячы твор мае такую ж глыбіню, як і дарослы. Там кожны ўбачыць сваё, — дзеліцца Ірына Машчэнская, якая паказвае спектакль «Каляды Дзеда Мароза». — На паводзінах герояў можна адкрываць многа маральных аспектаў. Бывае, дарослыя плачуць на спектаклях, калі лялькі душэўна, шчыра агучаны. Пасля паказу гутарым з дзеткамі, яны адкрываюць для сябе новае.

Гэты батлеечны тэатр створаны пры Свята-Елісавецінскім манастыры і працуе больш за дзесяць гадоў. Але цяпер для гледачоў быў сюрпрыз. Традыцыйны батлеечны спектакль «Цар Ірад», на думку Ірыны, не зразумелы сучасным дзецям, не засяроджаны на галоўнай, святочнай падзеі — нараджэнні Хрыста і наогул можа падацца страшным. А яшчэ аказалася, што часта дзеці не ведаюць біблейскіх сюжэтаў. Ёсць свята Раства, але малыя не адчуваюць яго сутнасць. Часта на пытанне: «Дык чыё нараджэнне мы святкуем?» адказваюць: «Дзеда Мароза!». Таму герой новага спектакля — сучасны хлопчык Ваня, які хоча павіншаваць Дзеда Мароза, але чароўным чынам трапляе ў старажытны Віфлеем.

Гасне святло. Адчыняецца скрыня. І маленькія гледачы заміраюць... Зачараваная батлейка задае калядны настрой, зачароўвае, адкрывае дзецям сакрэт, якому ўжо дзве тысячы гадоў.

Аўтар: Алена Дзядзюля
Звязда, 10 студзеня 2022
 
Дата публикации:10.01.2022
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:100
 
Ключевые слова:
Рожество Батлейка Народный театр Христианство
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме