«Традыцыйна ў мерапрыемствы дабрачыннай акцыі будзе ўцягнута максімальная колькасць юных жыхароў рэгіёну, якім напярэдадні навагодніх і калядных свят нададуць павышаную ўвагу, — сказала Ірына Кускова. — Да 14 студзеня прадстаўнікі выканаўчай улады з падарункамі і віншаваннямі наведаюць 54 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, 23 цэнтры -развіваючага навучання і рэабілітацыі, 6 дзіцячых сацыяльных прытулкаў і 10 устаноў інтэрнатнага тыпу абласнога падпарадкавання».
У праграму правядзення дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» увойдзе таксама шэраг навагодніх святочных мерапрыемстваў і ўрачыстасцей. Сярод іх — навагодні кадэцкі баль, які адбудзецца ў Магілёве 20 снежня. Яго ўдзельнікамі стануць выхаванцы кадэцкага вучылішча, а таксама выканаўцы студыі эстраднага танца «Эдэльвейс» цэнтра творчасці «Эверэст». У свяце будуць задзейнічаны больш за 60 кадэтаў, у тым ліку 10 чалавек у складзе танцавальных пар. Будучыя абаронцы айчыны будуць спяваць, танцаваць, удзельнічаць у імправізаваных гульнях і забавах. Кадэты таксама прадэманструюць страявыя прыёмы, ваенную выпраўку і навыкі абыходжання са зброяй. Завершыць баль вакальна-харэаграфічны нумар, прысвечаны Году народнага адзінства.
Звязда, 14 снежня 2021