Сёння адзначаецца Сусветны дзень прывітанняў, а таксама Сусветны дзень тэлебачання. Якія яшчэ падзеі адбыліся 21 лістапада і чым азнаменаваны гэты дзень у народным календары, чытайце далей:
Гістарычныя падзеі 21 лістапада
У 1368 годзе адбылася Тросненская бітва паміж войскам ВКЛ і атрадам Вялікага княства Маскоўскага.
У 1910 годзе ў Мінску быў асвечаны касцёл Святога Сымона і Святой Алены.
У 1926 годзе быў створаны Другі Беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-2), зараз Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Хто нарадзіўся 21 лістапада
1869 год: Казімір Стаброўскі, беларускі жывапісец, педагог.
1921 год: Янка Юхнавец, беларускі паэт.
1925 год: Сямён Пятровіч Герус, беларускі графік.
Таксама сёння нарадзіліся французскі філосаф Вальтэр і ісландская спявачка Б`ёрк.
21 лістапада ў народным календары
Сёння адзначаецца Сабор Архістратыга Міхаіла і іншых нябесных сіл бясплотных.
Арханёл Міхаіл лічыўся заступнікам ад грому. У гэты дзень унукі наведвалі сваіх бабуль і ўвогуле хадзілі адзін да аднаго ў госці. З Міхайлава дня ў асобных раёнах Беларусі жывёлу заганялі на зіму ў хлеў.
Звычайна на Міхайлаў дзень бывае пацяпленне. У народзе казалі: "На Міхайлу раздарожжа – да зімовага Міколы шляху не будзе". Дзень Міколы наступаў амаль праз месяц.
Калі ранкам на Міхайлу быў мароз, лічылася, што ў снежні і студзені будзе шмат снегу. Імгла жа сведчыла пра адлігу.
Sputnik, 21 лістапада 2021