«Традыцыйны конкурс сёлета праводзіцца ў дыстанцыйным фармаце — гэта будзе конкурс відэаролікаў. Такое рашэнне было звязана з санітарна-эпідэмічнай абстаноўкай», — адзначыла Ірына Сталярова.
Удзельнікамі конкурсу могуць стаць калектывы і індывідуальныя выканаўцы, дуэты, клубныя фарміраванні арганізацый культуры, аб’яднанняў па інтарэсах устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а таксама ВНУ. Прыняць удзел у фестывалі могуць і прадстаўнікі ўстаноў дадатковай адукацыі горада, а таксама ўсе жадаючыя. Узрост канкурсантаў — ад 14 да 31 года.
Для ўдзелу ў конкурсе неабходна даслаць заяўку ўстаноўленага ўзору не пазней за 1 снежня і відэазапіс з выкананнем творчага нумара. «Праводзіцца творчае спаборніцтва будзе па некалькіх кірунках. У намінацыі „Музыка“ можна прадставіць запісы ў катэгорыі „Саліст-вакаліст“ і „Вакальны ансамбль“. У намінацыі „Харэаграфія“ — паказаць эстрадны танец і сучасную харэаграфію, — адзначыла намеснік начальніка. — Яшчэ адзін кірунак — „Тэатр“. Тут можна прадставіць эстрадныя мініяцюры».
У напрамку «Арыгінальны жанр» выканаўцы павінны прадэманстраваць свае творчыя выступленні ў намінацыі «Арыгінальны нумар». Гэта можа быць пясочнае, вогненнае і светлавое шоу або любое іншае творчае выступленне, якое прадстаўляе моладзевыя субкультуры. А ў намінацыі «цыркавы жанр» удзельнікам трэба будзе паказаць акрабатычныя або гімнастычныя навыкі, ілюзійнае шоу, клаўнаду, жангліраванне.
Арганізатарамі гарадскога фестывалю моладзевай творчасці выступае Магілёўскі гарвыканкам і Магілёўскі гарадскі камітэт ГА «БРСМ».
Звязда, 10 лістапада 2021