У гэты дзень адзначаюцца Восеньскія Кузьмінкі - свята кавалёў. Якія яшчэ падзеі адбыліся 14 лістапада і чым азнаменаваны гэты дзень у народным календары, чытайце далей:
Гістарычныя падзеі 14 лістапада
У 1919 годзе генерал Станіслаў Булак-Балаховіч падаў заяву аб пераходзе са сваім атрадам на службу БНР.
У 1926 годзе ў Мінску распачалася Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі.
Хто нарадзіўся 14 лістапада
1812 год: Паўлюк Багрым, беларускі паэт.
1905 год: Міхась Васілёк, беларускі паэт (пам. 3.9.1960)
1958 год: Уладзімір Качан - беларускі жывапісец-манументаліст.
Таксама сёння нарадзіліся французскі мастак Клод Манэ і шведская дзіцячая пісьменніца Астрыд Ліндгрэн.
14 лістапада ў народным календары
У гэты дзень вернікі шануюць памяць бяссрэбранікаў Кузьмы і Дзям`яна. 14 лістапада яшчэ называлі Восеньскія Кузьмінкі. Кузьма (або Касьма) і Дзям`ян лічыліся заступнікамі рамёстваў, дамашняй птушкі і шлюбу. Ім маліліся аб міры ў сям`і і дапамозе ў навучанні і працы.
Асабліва шанавалі ў гэты дзень кавалёў. Прафесія каваля была вельмі запатрабаваная, таму што майстры рабілі сярпы, цэпы, падковы, зброю і іншыя патрэбныя ў гаспадарцы рэчы. Кавалёў паважалі і крыху баяліся, таму што верылі, што яны могуць знацца з нячыстай сілай. Чорт нібыта мог навучыць каваля рабіць асабліва добрую зброю. Але лічыліся кавалі і абаронцамі ад злых сіл, якія, як вядома, баяцца агню і жалеза.
Пра Кузьму і Дзям`яна казалі, што яны куюць зоркі на неба, а таксама закоўваюць рэкі лёдам. Казалі: "Кузьма закуе, а Міхаіл раскуе", таму што ў Міхайлаў дзень часта бывала адліга.
У гэты дзень таксама рэзалі курэй і варылі піва. Лічылася, што калі з`есці 14 лістапада курынае мяса, куры заўсёды будуць вадзіцца ў хаце.
Калі сёння дзень цёплы, зіма не будзе марознай. Выпала шмат снегу – вясной варта чакаць паводку.
Sputnik, 14 лістапада 2021