Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» ў 2022 годзе плануецца правесці з 14 па 17 ліпеня.
«Сёння адбудзецца пасяджэнне пастаянна дзеючага арганізацыйнага камітэта па правядзенні нашага міжнароднага брэндавага фестывалю „Славянскі базар у Віцебску“, дзе мы падвядзём яго вынікі. Тры месяцы — гэта ўжо дастатковы перыяд часу, каб паглядзець, як мы спрацавалі ў творчым і фінансавым плане, а таксама з пункту гледжання змянення аблічча горада. Вядома ж, абмяркуем падрыхтоўку да чарговага фестывалю, які пройдзе ў 2022 годзе. Мы плануем, што прыблізныя даты яго правядзення будуць з 14 па 17 ліпеня», — расказаў Ігар Петрышэнка.
Намеснік прэм’ер-міністра паведаміў, што ў 2022 годзе акрамя традыцыйных мерапрыемстваў фестывалю вялікая ўвага будзе ўдзяляцца правядзенню музычных конкурсаў сярод маладых выканаўцаў і дзяцей. «У полі зроку будзе знаходзіцца грунтоўная падрыхтоўка нашых канкурсантаў, якія павінны прадстаўляць інтарэсы нашай краіны ў рамках гэтага міжнароднага конкурсу. У папярэднім фестывалі ўдзельнічалі прадстаўнікі 32 краін, гэта значыць, статус міжнароднага фестывалю абсалютна захоўваецца, мы нават прырастаем новымі краінамі. У мінулым фестывалі ўпершыню прымаў удзел Эквадор. Усіх, хто едзе да нас з добрымі намерамі і творчымі праектамі, мы з радасцю прымаем на «Славянскім базары», — падкрэсліў ён.
Важнейшым элементам таксама з’яўляецца падрыхтоўка інфраструктуры горада і новых праектаў для прыцягнення маладзёжнай аўдыторыі. «Сталыя традыцыі, сфарміраваныя жыццём і практыкай, павінны паступова перадавацца маладому пакаленню, а каб ім было сапраўды цікава, мы будзем рыхтаваць новыя праекты, каб кожны чалавек, кожны беларус знайшоў нешта цікавае для сябе ў рамках фестывалю мастацтваў „Славянскі базар у Віцебску“. Вядома ж, мы будзем развіваць і праект „Саюзная дзяржава запрашае“ — гэта наш беларуска-расійскі брэнд, які таксама будзе прырастаць новымі ідэямі», — адзначыў намеснік прэм’ер-міністра.
На яго думку, у канцэрце майстроў мастацтваў Рэспублікі Беларусь павінны з’яўляцца новыя імёны і артысты. «Вельмі важна, каб наша краіна, як магутная дзяржава, якая падтрымлівае сваё мастацтва, развівалася ў гэтым плане і далей, прырастала новымі падыходамі і ідэямі ў рамках «Славянскага базару», — падкрэсліў Ігар Петрышэнка.
Звязда, 27 кастрычніка 2021