У 1596 годзе была абвешчаная Берасцейская унія. Якія яшчэ падзеі адбыліся 6 кастрычніка і чым азнаменаваны гэты дзень у народным календары, чытайце далей:
Гістарычныя падзеі 6 кастрычніка
У 1596 годзе ў Берасці часткай праваслаўных епіскапаў абвешчана аб’яднанне Праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай з Каталіцкай царквой пад уладай Папы Рымскага (Берасцейская унія).
Хто нарадзіўся 6 кастрычніка
1876 год: Ян Булгак, беларускі і польскі фотамастак, краязнавец і этнограф.
1908 год: Алесь Мілюць, беларускі паэт.
Таксама сёння нарадзіліся французскі архітэктар Ле Карбюзье і нарвежскі падарожнік і вучоны Тур Хеердал.
6 кастрычніка ў народным календары
У гэты дзень праваслаўныя вернікі шануюць памяць святой пакутніцы Іраіды. Аднойчы Іраіда ішла па ваду і ўбачыла карабель, на якім везлі хрысціянскіх вернікаў – іх збіраліся катаваць. Іраіда добраахвотна далучылася да пакутнікаў і была адна з першых забітая, калі карабель прыбыў з Александрыі ў егіпецкі Антынопаль.
Таксама ў гэты дзень святкуецца зачацце Іаана Прадцечы. Яго маці была праведная Елізавета, сваячка Панны Марыі, а бацькам святар Захарыя. Калі Захарыя быў у храме, да яго прыйшоў архангел і сказаў, што хутка ў святара нарадзіцца сын. Захарыя не паверыў і за гэта архангел пакараў яго нематой.
Хлебам не кармі, толькі з печы не гані
У народзе ў гэты дзень адзначалі свята печнікоў. У гонар майстроў пяклі ў печы пірагі і аладкі-налівушкі з бульбай і тварагом.
Печ, як і чырвоны кут, займала цэнтральнае месца ў хатнім жыцці нашых продкаў. З ёй звязаныя шмат рытуалаў. Нават тое, што гаспадыня перад тым, як засланіць печ, хавала асобна пад попелам некалькі вугельчыкаў, каб потым з іх запаліць новы агонь. Лічылася, што калі гэтыя вугельчыкі патухлі, хутка ў хаце нехта памрэ.
Маладая дзяўчына, калі выходзіла замуж, калі ўваходзіла ў хату мужа, у першую чаргу кранала печ – калі яна была цёплая, то і жыццё ў новай хаце ў яе будзе добрым.
Sputnik, 6 кастрычніка 2021