Сёння адзначаецца сусветны дзень пошты. Якія яшчэ падзеі адбыліся 9 кастрычніка і чым азнаменаваны гэты дзень у народным календары, чытайце далей:
Гістарычныя падзеі 9 кастрычніка
У 1621 годзе войска Рэчы Паспалітай у бітве пад Хоцінам перамагло асманскую армію Асмана II.
У 1648 годзе войска ВКЛ на чале з Янушам Радзівілам пасля аблогі ўзяло Пінск.
У 1977 годзе паляцеў у космас Уладзімір Кавалёнак, ураджэнец вёскі Белае Крупскага раёна.
Хто нарадзіўся 9 кастрычніка
1924 год: Аляксандр Аксёнаў, беларускі і савецкі дзяржаўны і палітычны дзеяч.
1932 год: Іван Калеснік, беларускі пісьменнік.
Таксама сёння нарадзіліся французскі кампазітар і дырыжор Каміль Сен-Санс, рускі жывапісец Мікалай Рэрых, а таксама заснавальнік і ўдзельнік гурта "The Beatles" Джон Ленан.
9 кастрычніка ў народным календары
У гэты дзень праваслаўныя вернікі шануюць памяць аднаго з 12 апосталаў, евангеліста Яна (Іаана) Багаслова. Ён таксама напісаў "Апакаліпсіс" – кнігу, якая завяршае Новы Запавет. Лічыцца, што Ян Багаслоў таксама вучыў людзей пісаць абразы.
У вёсках да гэтага дня заканчвалі сеяць азімыя. У народзе казалі: "Хто не дасее да Івана Багаслова, той не варты добрага слова". У вёсках пачыналі пасылаць сватоў і гуляць вяселлі.
Назіралі за надвор`ем: калі ў гэты дзень ідзе дождж, на працягу наступных тыдняў будзе дрэннае надвор`е, а калі цёпла і сонечна – дажджыстым будзе пачатак лета.
Sputnik, 9 кастрычніка 2021