https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У Наваполацку адкрыюць мемарыяльныя пліты з новымі імёнамі ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны


Пра гэта паведамілі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наваполацкага гарадскога выканаўчага камітэта.
22 чэрвеня, на мемарыяльным комплексе «Зорка» ў мікрараёне Баравуха горада Наваполацка пройдзе адкрыццё новых мемарыяльных пліт з усталяванымі ў выніку пошукава-даследчых работ імёнамі тых, хто загінулі ў канцлагеры «Шталаг-354». 

Акцыя — у рамках мерапрыемстваў, прысвечаных 80-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай, Дню ўсенароднай памяці ахвяр вайны.

Там, дзе цяпер знаходзіцца мікрараён Баравуха, размяшчаўся буйны нямецкі гарнізон. Фашыстамі тут быў арганізаваны канцлагер, куды змяшчалі ваеннапалонных і мірных жыхароў. На сёння вядома, што канцлагер стаў месцам гібелі некалькіх дзясяткаў тысяч чалавек. І хто былі гэтыя ахвяры вайны — у пераважнай большасці невядома.

Мемарыяльны комплекс, прысвечаны ахвярам фашызму, быў узведзены ў 2006 годзе. Ён займае тэрыторыю каля трох гектараў. На ім мемарыяльны знак, дот і капліца. Над уваходам у мемарыял усталявана стылізаваная бетонная стужка з надпісам «Незабыўны твой подзвіг, салдат». Чатыры стэлы сімвалізуюць чатыры бакі свету, чатыры гады вайны і чатыры фронты, якія вызвалялі Беларусь. У цэнтры расколатая чара — сімвал зямлі і жыцця, расколатай вайной.

Доўгі час усталяваць новыя імёны загінулых у канцлагеры ваеннапалонных і мірных жыхароў не ўяўлялася магчымым. Дапамагла выпадковасць.

У 2019 годзе быў выяўлены сшытак ваеннага доктара, у якім утрымліваліся звесткі пра больш за чатыры сотні вязняў. Для ўстанаўлення больш падрабязных звестак аб загінулых была праведзена вялікая пошукава-даследчая праца. Дзякуючы ўзаемадзеянню з Упраўленнем па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў, пошукавымі атрадамі, часткова ўстаноўлены падрабязныя звесткі пра зняволеных канцлагера.

Да пошуку сваякоў загінулых былі прыцягнутыя пасольствы Расійскай Федэрацыі і Ізраіля ў Рэспубліцы Беларусь, адміністрацыі гарадоў Расіі, Украіны.

Вынікам карпатлівай працы стала ўвекавечанне на плітах мемарыяла 409 прозвішчаў, з якіх 178 будуць урачыста адкрыты 22 чэрвеня 2021 года. Былі знойдзеныя сваякі дваццаці пахаваных, якія доўгі час лічылі іх зніклымі без вестак. Праз амаль восем дзесяцігоддзяў людзі атрымалі ўнікальную магчымасць ушанаваць памяць сваіх родных, якія заплацілі за Перамогу самую дарагую цану — сваё жыццё.

У цяперашні час дзейнасць па ўсталяванні імёнаў вязняў канцлагера працягваецца.

Урачысты мітынг на мемарыяльным комплексе «Зорка» адбудзецца 22 чэрвеня ў 15.30.

Пасля заканчэння мітынгу ў 16.30 у Музеі гісторыі і культуры г. Наваполацка ўвазе жыхароў горада будзе прэзентаваная трэцяя частка зборніка ўспамінаў гараджан пра Вялікую Айчынную вайну «І памяць сэрца гаворыць ...»

Аляксандр Пукшанскі
Звязда, 21 чэрвеня 2021
 
Дата публикации:21.06.2021
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:219
 
Ключевые слова:
Великая Отечественная война Новаполацк Концлагерь Патриотизм
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме