https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Чароўны свет жывапісу і графікі Усевалада Швайбы адкрыўся перад гледачамі ў НББ


Выстава графікі і жывапісу Усевалада Швайбы "Міфы" адкрылася 10 чэрвеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
"Вакол нас пастаянна адбываюцца міфы, і мы ўсе з`яўляемся міфатворцамі. Напрыклад, калі ўспрымаем які-небудзь твор, гістарычныя факты, ствараем для сябе міфы. Асабліва гэта датычыцца мастакоў, якія ўяўляюць сабе пэўныя вобразы і пасля ўвасабляюць у сваёй творчасці", - сказаў Усевалад Швайба.

Экспазіцыя раскрывае чароўны свет мастацкіх вобразаў аўтара, знаёміць са своеасаблівасцю яго тэхнічных і філасофскіх вынаходстваў. Мастак вынаходзіць у постацях, сюжэтах, асобах сімвалічнасць, расказвае пра падтэкст і глыбіню сэнсаў.

"Для Нацыянальнай бібліятэкі даўно стала добрай традыцыяй арганізацыя выстаў як маладых, пачынаючых мастакоў, так і ўжо масцітых, што сведчыць аб нашым жаданні і імкненні падтрымліваць беларускае мастацтва і дэманстраваць яго шырокай аўдыторыі, - адзначыла генеральны дырэктар НББ Аксана Кніжнікава. - Работы Усевалада Швайбы вызначае класічная, акадэмічная манера, прасочваюцца прафесійная падрыхтоўка, дакладная тэхніка, тонкі мастацкі густ, бездакорнае пачуццё аб`ёму і прасторы. Ствараецца адчуванне вялікага падарожжа ў славянскую міфалогію. Яго творы лёгкія і не могуць пакінуць абыякавым гледача".

Экспануемыя работы выкананы ў розных графічных тэхніках: туш, пяро, літаграфія, афорт і інш. Наведвальнікі аксама могуць убачыць жывапісныя работы мастака. Сюжэты работ напоўнены метафізічнасцю, пластыкай, структурнасцю, прыгажосцю. Мастак надае міфічнасць і казачнасць звычайным лініям і тварам.

Паводле слоў першага намесніка старшыні Беларускага саюза мастакоў мастацтвазнаўцы Наталлі Шаранговіч, Усевалада Швайбу вызначае асаблівы погляд на свет. "Кожны раз, калі глядзіш на яго творы, успрымаеш іх па-новаму. Яны вельмі вытанчаныя, эстэтычныя. У яго работах заўсёды ёсць чалавек, і аўтар ведае, як энергетычна моцна праяўляецца вобраз адлюстроўваемай ім персоны, як ён успрымаецца гледачамі. Творчасць Усевалада Швайбы з яго шчырай, тонка адлюстраванай міфалогіяй, заўсёды будзе даспадобы беларускаму гледачу", - лічыць яна.

"Работы Усевалада, як і сам будынак Нацыянальнай бібліятэкі, напоўнены рознымі літаратурнымі алюзіямі, зваротам да ўсяго багацця сусветнай культуры. Ён любіць эпоху Адраджэння, і гэта відаць у яго творах, у тым ліку праз злучэнне эстэтыкі і матэматыкі. Швайба адносіцца да мастакоў таго роду, якія ведаюць, што хочуць сказаць свету і якім чынам гэта найбольш зразумела данесці. Таму яго мастацтва кранае, вымушае здзіўляцца, пільна ўглядвацца ў карціны", - падкрэсліла арт-крытык, мастак-графік, жывапісец, член секцыі БСМ "Верасень" Марына Эрэнбург.

Стварыць казачную і міфічную атмасферу на мерапрыемстве дапамаглі творчыя нумары музычнай групы "Гурба".

Усевалад Швайба - член Беларускага саюза мастакоў, удзельнік шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных выстаў і праектаў, у тым ліку маштабных зборных праектаў Нацыянальнай бібліятэкі, лаўрэат і пераможца мастацкіх конкурсаў. Работы аўтара знаходзяцца ў галерэях, музеях і калекцыях у Беларусі і за мяжой.

Арганізатарамі выставы выступілі Нацыянальная бібліятэка Беларусі і Беларускі саюз мастакоў.

Экспазіцыя будзе працаваць да 15 верасня.

10 чэрвеня 2021, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:10.06.2021
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:159
 
Ключевые слова:
Графика Живопись Искусство Выставка
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме