Цяпер адна з казак Алены даступна і для сляпых: у сталічнай СШ нумар 188 для дзяцей з парушэннямі зроку 21 мая адбылася прэзентацыя тактыльнай кнігі "Мяне завуць Лахнэска" і аўдыядыска з агучаным творам аўтара.
Унікальнасць выпушчанай кнігі - у спалучэнні тактыльнай выявы галоўнага героя, створанага ўручную гродзенскімі лялечнымі майстрамі, і шрыфту Брайля, які даступны сляпым людзям.
Ідэя стварыць такую кнігу з`явілася ў сацыяльна-культурнай установы "МоцАрт" даволі даўно. Сродкі збіралі па ўсёй Беларусі. У выніку было выдадзена некалькі экзэмпляраў, якія разам з аўдыядыскамі перададзены ў кожную беларускую школу для дзяцей з парушэннямі зроку: у Гродне, Жабінцы Брэсцкай вобласці, Васілевічах Гомельскай, Маладзечне, Шклове, а цяпер яшчэ і ў Мінску.
У сталічнай школе (з улікам надомнага навучання) каля 100 вучняў. На сустрэчу ж запрасілі малодшых школьнікаў - з першага па сёмы класы. І знаёмства з сапраўднай пісьменніцай атрымалася вельмі ажыўленым.
"Бачу па вачах, што вы спачатку не паверылi, што пісьменніцу могуць зваць Масла. Але гэта маё сапраўднае прозвішча. Цяпер вы можаце Масла яшчэ і чытаць!"- пасмяшыла хлопчыкаў і дзяўчынак пісьменніца. Цяпер яны дакладна запомняць, як завуць аўтара.
Алена Масла пазнаёміла дзяцей з героямі сваёй казкі, заадно замацаваўшы "смачныя" беларускія словы-найменні ў памяці школьнікаў. Яны даведаліся, у тым ліку, што беларускія жабы "крумкаюць", каровы "рыкаюць".
"Гэта было адной з важных мэт праекта, паколькі беларускай літаратуры, апублікаванай шрыфтам Брайля, вельмі мала. Ды і дзіцячай літаратуры ў прынцыпе, - адзначыў дырэктар сацыяльна-культурнай установы "МоцАрт", арганізатар праекта Аляксандр Калоша. - Мы шмат працуем для сляпых людзей. Але хацелася "зачапіць" менавіта дзяцей. А чаму выбралі менавіта гэту кніжку? Галоўная гераіня - пачвара Лахнэска - сумуе з-за таго, што яна не такая, як усе. Лічыць сябе страшнай, таму што яе не прымаюць навакольныя. Але потым знаёміцца з адзінокім апалонікам, які таксама лічыць сябе нікчэмным з-за невялікіх памераў. Паміж імі ўзнікае сяброўства. А потым прыходзіць разуменне, што іх унікальнасць - гэта не дрэнна. Яны могуць быць шчаслівымі, як і кожны з нас".
Пра што казка? Яна пра тое, як шукаць сяброў, пра тое, што мы ўсе розныя. І свет быў бы нецікавым, калі б мы былі аднолькавымі. У разнастайнасці і ўнікальнасці наша прыгажосць. І дзеці гэта адчулі: кожны чалавек, кожная істота ў свеце мае права жыць, трэба быць сабой, верыць у мару, не сумнявацца ў сабе, калі нехта крытыкуе тое, што ты не такі, як усе. Вось аб чым гаварылі яны пасля таго, як паслухалі казку ў выкананні аўтара. А яшчэ дзеці засыпалі Алену Масла пытаннямі: колькі кніг яна напісала, чаму менавіта казкі. Пыталіся, ці ёсць па гэтай кніжцы мультфільм. Аказваецца, ёсць! Акрамя таго, мультфільм зняты і па яшчэ адной казцы пісьменніцы - "Лагодны воўк". Пакуль у шырокім пракаце іх няма, спачатку такія навінкі паказваюць на фестывалях.
"Давайце разам прыгадаем: які галоўны закон казачнага жанру? Дабро заўжды перамагае. Таму я люблю казкі і маю наіўную надзею, што, чым больш людзей нешта дзеля гэтага будзе рабіць, тым больш жыццё будзе падобнае на казку", - падзялілася на заканчэнне сустрэчы пісьменніца. А яшчэ яна спадзяецца на далейшае супрацоўніцтва з установай "МоцАрт", у планах якога - прадоўжыць праект і, калі ён атрымае падтрымку, стварыць серыю дзіцячых кніг са шрыфтам Брайля.
21 мая 2021, Мінск
БЕЛТА
БЕЛТА