Кніга для дзяцей «Птушка года Беларусі. Казадой звычайны» выйшла ў серыі «Маленькі прафесар» у выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі».
Казадой звычайны — лясная птушка, якая вядзе начны лад жыцця. У 2021 годзе грамадскай арганізацыяй «Ахова птушак Бацькаўшчыны» ён аб’яўлены птушкай года. «З гэтай кнігі юны чытач пазнае шмат цікавага аб казадоі: чаму ў птушкі такое дзіўнае імя, дзе яна жыве і чым харчуецца, як клапоціцца пра яго нашчадкаў, якую карысць прыносіць сельскай гаспадарцы, у якой краіне казадоя называюць начной ластаўкай», — адзначылі ў выдавецтве.
Кніга адрасавана дзецям малодшага школьнага ўзросту і можа быць выкарыстана для заняткаў як дома, так і ва ўстановах адукацыі. Аўтар выдання — арнітолаг, кандыдат біялагічных навук Віталь Сахвон.
Серыя «Маленькі прафесар» даступнай мовай і ў займальнай форме адкрывае дзіцяці цікавыя факты пра прыроду, гісторыю, славутасці Беларусі, знаёміць з жывёламі і раслінамі, з’явамі прыроды, прафесіямі, цікавымі старонкамі беларускай гісторыі і літаратуры. За 10 гадоў існавання серыі выйшла больш за 100 кніг. З апошніх — «Прафесія кінолаг», «Сакрэты вясёлкі», «Гаспадар на кожным стале», «Прафесія дэсантнік», «Прафесія робататэхніка», «Чаму самалёт лётае?».
Звязда, 27 красавіка 2021