https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Таполевую алею адновяць у мемарыльным комплексе «Трасцянец» падчас суботніка 17 красавіка


Па благаславенню протаіерэя Фёдара Поўнага грамадскія арганізацыі Беларусі і духавенства маюць намер аднавіць таполевую алею ў мемарыяльным комплексе «Трасцянец», паведамілі ў Цэнтральным камітэце БРСМ.
Храм-помнік у гонар Усіх святых і ў памяць аб ахвярах, выратаванню Айчыны нашай паслужыўшых, Беларускі культурны цэнтр духоўнага Адраджэння і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі выйшлі з ініцыятывай пачаць аднаўленне гісторыка-культурнай каштоўнасці — таполевай алеі ў мемарыяльным комплексе «Трасцянец».

У рамках мемарандума аб супрацоўніцтве ў час рэспубліканскага суботніка прадстаўнікі грамадскіх арганізацый патрыятычнай накіраванасці і асноўных канфесій Беларусі дзеля памяці аб расстраляных і спаленых людзях высадзяць побач з легендарнымі таполямі дваццаць маладых саджанцаў. Ініцыятыву падтрымала Генпракуратура. БРСМ запрашае і іншыя дзяржустановы прыняць удзел у гэтай працоўнай акцыі.

Дырэктар Беларускага культурнага цэнтра духоўнага Адраджэння Аляксандр Госцеў упэўнены, што рашэнне аб аднаўленні гістарычнай алеі было прынята вельмі своечасова. Ён распавёў, што ў 1944 годзе па загадзе кіраўніцтва канцлагера з двух бакоў уздоўж нешырокай дарогі, якая вядзе ад Магілёўскай шашы да Трасцянецкага лагера, яго вязні высадзілі маладыя таполі. Па гэтай дарозе смерці на расстрэлы і спаленне прайшлі сотні тысяч людзей розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў — мірныя жыхары Беларусі, у тым ліку вязні Мінскага гета, савецкія ваеннапалонныя, удзельнікі антыфашысцкай падпольнай барацьбы і партызанскага руху, прадстаўнікі яўрэйскага насельніцтва Заходняй Еўропы, дэпартаваныя ў Мінск для знішчэння. Час няўмольны і да жывых сведкаў тых трагічных падзей — таполяў, якія перажылі гэтую страшную гісторыю і маўкліва захоўваюць памяць пра ахвяр Трасцянца. Сёння ўжо шматлікія дрэвы загінулі ад старасці. Таму прынятае рашэнне аб аднаўленні таполевай алеі вельмі своечасовае, лічыць Аляксандр Госцеў.

Па колькасці ахвяр фашызму Трасцянец стаў чацвёртым пасля Асвенцыма, Майданека і Трэблінкі. 22 чэрвеня 2015 года на месцы канцлагера адкрыты мемарыяльны комплекс «Трасцянец» з 10-метровым цэнтральным манументам «Брама памяці».

Рэспубліканскі суботнік пройдзе ў Беларусі 17 красавіка. У ходзе суботніка плануецца выканаць работы па добраўпарадкаванні і прывядзенню ў належны стан аб’ектаў і тэрыторый населеных пунктаў, гісторыка-культурных каштоўнасцяў, мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Сяргей Расолька
Звязда, 12 красавіка 2021
 
Дата публикации:12.04.2021
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:180
 
Ключевые слова:
Трасцянец Великая Отечественная война
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме