Цяпер яго «залаты», чысты і звонкі беларускі голас будзе чутны толькі ў запісах... 13 красавіка, на 72-м годзе жыцця, спявак памёр.
У легендарны ансамбль «Песняры» Барткевіч трапіў па запрашэнні Уладзіміра Мулявіна ў 1970-м годзе... Было Леаніду ўсяго дваццаць адзін. Вядома, да гэтага шукаў сябе... Хаця музыка суправаджала заўсёды — быў салістам у хоры хлопчыкаў Палаца піянераў у родным Мінску, салістам харавога ансамбля «Юнацтва» пры кансерваторыі, скончыў музычную школу па класе трубы. Зразумела, засвоіў і модную гітару... Але паралельна прайшоўся па архітэктурнай дарозе — дарэчы, дыпломная праца Леаніда Барткевіча, выпускніка Мінскага архітэктурна-будаўнічага тэхнікума, была прысвечана кінатэатру «Кастрычнік» у Мінску: будучы слынны спявак удзельнічаў у яго праектаванні.
«Я ніколі нікога не капіяваў. Вельмі любіў спевы вялікага Сяргея Лемешава, а ягоны зварот да маладых выканаўцаў, аднойчы пачуты па радыё, стаў галоўным ключом майго стаўлення да песні на ўсё жыццё. Ён тады сказаў: «Трэба любіць песню ў сабе, а не сябе ў песні!»
Гэты запавет Леанід Барткевіч захоўваў усё жыццё.
Харызматычны, прыгожы, сапраўдная «зорка», Барткевіч заўсёды знаходзіўся ў цэнтры ўвагі, да таго ж быў здольны на смелыя, нечаканыя ўчынкі. Напрыклад, дзесяць гадоў прапрацаваўшы ў «Песнярах», на піку славы, паступіў у маскоўскі Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва на рэжысёрскае аддзяленне... Мала хто ўяўляў, якім славуты спявак быў у жыцці. Аднойчы ў гутарцы, запісанай ужо пасля смерці Мулявіна, Барткевіч сказаў: «Сёння я слухаю толькі класіку і «The Beatles». Жыву сённяшнім днём і заўтрашнім. Я не разумею, як сёння людзі жывуць у дэпрэсіі. Калі, напрыклад, мне кепска, я знаходжу занятак па душы: засцілаю більярдны стол, пішу карціны, адпраўляюся з сябрамі на рыбалку ці ў грыбы».
Але, безумоўна, з вялікім спеваком і ў светлыя, і ў цёмныя хвіліны была яго песня, якую мы будзем слухаць заўсёды.
Аўтар: Людміла Рублеўская
Звязда, 13 красавіка 2021
Звязда, 13 красавіка 2021