«Правільна паводзіць сябе ў выпадку пагрозы жыцця і ўмець арыентавацца ў складанай сітуацыі — важныя аспекты ў жыцці чалавека. У аб’ектах масавага знаходжання людзей — школах, прадпрыемствах, гандлёвых цэнтрах, кінатэатрах і іншых — граматныя паводзіны ў выпадку эвакуацыі набываюць павышанае значэнне. Таму ў сакавіку прапагандысты МНС па ўсёй рэспубліцы будуць праводзіць акцыю „Дзень бяспекі. Увага ўсім!“, распаўсюджваючы інфармацыю і тлумачачы людзям, што можа прывесці да надзвычайных сітуацый і як рэагаваць па сігнале» Увага ўсім!», — распавялі ў прэс-службе.
Першы этап адбудзецца з 2 па 12 сакавіка ў інтэрнатах, дзіцячых і гандлёва-забаўляльных цэнтрах, кінатэатрах і на спартыўных аб’ектах. З жыхарамі інтэрнатаў правядуць інтэрактыўныя прафілактычныя гутаркі пра бяспеку, пагавораць пра прычыны пажараў, а таксама раскажуць аб дзеяннях па сігнале «Увага ўсім!», падмацаваўшы гэта тэматычнымі відэаролікамі і наглядна-выяўленчай прадукцыяй.
Не абыдзецца без новаўвядзенняў. У аснову мерапрыемстваў першага этапу ляжа незвычайная канцэпцыя — фотапраект «Знайдзі прычыну», які будзе не толькі ствараць антураж у месцы правядзення сустрэчы, але і выконваць навучальную функцыю.
«Задума простая: перад пачаткам мерапрыемства на месцы яго правядзення арганізуюць працу фотавыставы «Назаві прычыну», якая пазней будзе выкарыстоўвацца працаўнікам МНС для развагі на тэму, што магло прывесці да паказаных на фота здарэнняў і як іх можна было пазбегнуць. У дадатак з аўдыторыяй будуць выкарыстоўвацца такія формы работы, як «Сакрэт бяспекі», «Формула бяспекі», «Пажарная лабараторыя» і анлайн-гульня «Крокі выратавання», — адзначылі ў ведамстве.
Што тычыцца аб’ектаў з масавым знаходжаннем людзей, то тут будуць арганізаваны «Паркі бяспекі» з інтэрактыўнымі пляцоўкамі і зонамі актывацыі (выстава згарэлых электрапрыбораў і хатняй маёмасьці, «SOS», «Небяспекі ў кватэры», «Бяспечная эвакуацыя», «Правілы паводзін у натоўпе», «Эвакуацыйныя знакі», «Экстраная дапамога», «Небяспечная печ», «Інтэрактыўная карта НС», «Правядзі час з карысцю»), а таксама праверкай ведаў парадку дзеянняў па сігнале «Увага ўсім!». Не абыдзецца і без роставых лялек з персанажамі мультфільма «Чароўная кніга» для найбольшага прыцягнення ўвагі людзей.
Мэтавай аўдыторыяй другога этапа, які працягнецца з 15 па 31 сакавіка, стануць жыхары сельскіх населеных пунктаў. Для іх падрыхтуюць шырокія забаўляльна-прафілактычныя праграмы. Так, у населеныя пункты адправяцца ўдзельнікі рэспубліканскага агляду-конкурсу тэатралізаваных пастановак па асновах бяспекі жыццядзейнасці 2020 года, якія праз мастацтва будуць даносіць гледачам бяспечныя ісціны. З грамадзянамі правядуць шырокамаштабныя мерапрыемствы «Скарбонка бяспекi» ў дамах культуры і на адкрытых пляцоўках. Святы бяспекі дапоўнены дэманстрацыяй досведаў «Пажарная лабараторыя», а ў сельскіх населеных пунктах будуць арганізаваны «Маршруты абвесткі»: з дапамогай сігнальнай гучнай прылады пажарнай тэхнікі, якая праязджае па вуліцах, будзе перадавацца карысная інфармацыя на тэму пажарнай бяспекі.
«Дапамагаць выратавальнікам у правядзенні акцыі будуць актывісты раённых (гарадскіх) аддзяленняў Беларускай моладзевай грамадскай арганізацыі спасателей- пажарных, студэнты ВНУ, ССНУ, прадстаўнікі Беларускага добраахвотнага пажарнага таварыства, Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і іншых зацікаўленых арганізацый, каб, аб’яднаўшы намаганні, эфектыўна несці бяспеку ў масы», — дадалі ў ведамстве.
Звязда, 1 сакавіка 2021