На ўрачыстую сустрэчу ў аблвыканкам запрасілі 25 жанчын з усіх рэгіёнаў Гродзенскай вобласці. Сярод іх прадстаўніцы розных сфер, якія дабіліся поспехаў у прафесійнай, творчай дзейнасці, грамадскія актывісткі, а таксама шматдзетныя маці.
"Часам у мітусні штодзённасці мы забываем сказаць дзякуй жанчынам за тое, што яны размалёўваюць яркімі фарбамі жыццё, дораць яркія эмоцыі. Мы павінны як мага часцей гаварыць, як яны для нас важны. Сёння жанчыны не толькі і не столькі захавальніцы дамашняга ачага, нараўне з мужчынамі яны адыгрываюць вельмі важную ролю ў жыцці краіны", - адзначыў Уладзімір Каранік. Ён падкрэсліў, што жанчыны ўносяць вялікі ўклад у развіццё краіны сваёй прафесійнай дзейнасцю, але ніхто не заменіць жанчыну-маці.
"Быць мамай не толькі ганаровая, але цяжкая і адказная праца. Менавіта таму шмат робіцца ў плане падтрымкі мацярынства і дзяцінства, шматдзетных сем`яў. Гэты напрамак знаходзіцца ў цэнтры ўвагі дзяржавы. І меры дзяржпадтрымкі ў далейшым будуць пашырацца. Датычыцца гэта, напрыклад, пашырэння магчымасцей выкарыстання сямейнага капіталу", - расказаў Уладзімір Каранік.
Падчас прыёму тром запрошаным былі ўручаны Ордэны маці за нараджэнне і выхаванне 5 дзяцей. Усяго з 1996 года ганаровай узнагароды ўдастоены амаль 1,2 тыс. жыхарак вобласці. Сярод узнагароджаных і Аліна Трында з Гродзенскага раёна. Цяпер мама чакае нараджэння шостага дзіцяці.
"Я сама вырасла ў шматдзетнай сям`і. Таму заўсёды хацела шмат дзяцей. Менавіта дзеці для мяне сэнс жыцця, а быць маці - і хобі, і прафесія. Бываюць, вядома, і складанасці, і цяжкасці, але ўсё роўна дзеці - гэта шчасце", - адзначыла Аліна Трында. Яна падкрэсліла, што сям`я адчувае і падтрымку дзяржавы: атрымліваюць усе дапамогі, цяпер будуюць кватэру ў абласным цэнтры.
Падчас прыёму адзначалася, што за апошнія пяць гадоў у Гродзенскай вобласці назіраецца тэндэнцыя па росце колькасці шматдзетных сем`яў з 11,5 тыс. сем`яў у 2017 годзе да 13,7 тыс. на пачатак гэтага года. Выхоўваецца ў такіх сем`ях амаль 45 тыс. дзяцей. У большасці шматдзетных сем`яў па тры дзіцяці. Але ў Мастоўскім і Іўеўскім раёнах ёсць бацькі, якія выхоўваюць па 10 і 11 дзяцей.
З 2015 па 2019 па праграме "Сямейны капітал" у рэгіёне адкрыта больш за 9,6 тыс. рахункаў. У 2020 прынята больш за 1,7 тыс. рашэнняў аб назначэнні сямейнага капіталу, а таксама больш за 3,2 тыс. рашэнняў аб датэрміновым распараджэнні яго сродкамі. У 91 працэнце выпадкаў ён быў накіраваны на паляпшэнне жыллёвых умоў.
Святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня жанчын, праходзяць ва ўсіх раёнах вобласці. Урачысты канцэрт заўтра пройдзе і ў абласной філармоніі.
4 сакавіка 2021, Гродна
БЕЛТА
4 сакавіка 2021, Гродна
БЕЛТА