https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Качанава: самы галоўны здабытак у нашай краіне - людзі


Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ўручыла 31 снежня дзяржаўныя ўзнагароды і падзякі Прэзідэнта кіраўнікам адміністрацый раёнаў Мінска.
"Я вельмі рада вітаць вас сёння ў гэтай зале. Напярэдадні Новага года па традыцыі кіраўнік дзяржавы прымае рашэнне аб узнагароджванні нашых людзей ганаровымі званнямі, граматамі, медалямі, ордэнамі. І па даручэнні Аляксандра Рыгоравіча я сёння з задавальненнем выканаю прыемную місію і ўручу вам высокія дзяржаўныя ўзнагароды, - сказала Наталля Качанава. - Цырымонія ўшаноўвання - гэта заўсёды падвядзенне вынікаў. Я хацела б падзякаваць вам за сумесную працу. Мне, як упаўнаважанай па горадзе Мінску, вельмі прыемна выконваць гэту місію. Таму што вы - людзі гонару, абавязку, вы выдатна працуеце на карысць нашай роднай краіны, нашага горада, нашых людзей. Таму што самы галоўны здабытак у нашай краіне - гэта людзі".

Спікер пажадала кіраўнікам адміністрацый новых поспехаў на карысць Беларусі, горада Мінска і беларускага народа, а таксама здароўя, шчасця, дабрабыту.

Медалём "За працоўныя заслугі" ўзнагароджаны кіраўнікі адміністрацый: Ленінскага раёна - Пётр Шостак, Партызанскага раёна - Валерый Вараніцкі, Маскоўскага раёна - Таццяна Калядка, Заводскага раёна - Сяргей Масляк, Цэнтральнага раёна - Дзмітрый Пятруша.

Падзяка Прэзідэнта аб`яўлена кіраўнікам адміністрацый: Фрунзенскага раёна - Сяргею Шкрудневу, Савецкага раёна - Сяргею Хільману, Першамайскага раёна - Дзмітрыю Шашку, Кастрычніцкага раёна - Генадзю Любатынскаму.

Як адзначыў кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёна Дзмітрый Пятруша, медаль "За працоўныя заслугі" - заслуга ўсіх працаўнікоў раёна. "У першую чаргу я хацеў бы падзякаваць ім і з упэўненасцю сказаць, што ў наступным годзе мы толькі прымножым нашы поспехі, - адзначыў ён. - Мы на гэту ўзнагароду працавалі некалькі гадоў. Мы да яе ішлі, атрымліваючы з году ў год высокую ацэнку сваёй працы. Адміністрацыя Цэнтральнага раёна адзначана на рэспубліканскай Дошцы гонару. Хачу ўсім падзякаваць за тое, што ўнеслі свой уклад у гэта".

Цэнтральны раён актыўна развіваецца. "Мы нарошчваем тэмпы ў жыллёвым будаўніцтве. Не адстае сацыяльная сфера, упраўленне адукацыі традыцыйна на лідзіруючых пазіцыях. Эканоміка таксама не кульгае. Па выніках 2020 года мы выходзім з даволі добрымі паказчыкамі", - запэўніў ён.

"Вядома, прыемна і ганарова, што мы атрымалі ўзнагароду, - дадае кіраўнік адміністрацыі Маскоўскага раёна Таццяна Калядка. - Але гэта заслуга не толькі адміністрацыі, але і, самае галоўнае, шматтысячных суб`ектаў гаспадарання. У нас у Маскоўскім раёне іх больш за 20 тыс. Калі паглядзець па колькасці працуючых, то да 15 працэнтаў ад усіх працоўных горада Мінска працуюць у Маскоўскім раёне. Таму гэта вялікая заслуга кожнага з работнікаў. Сваім прафесіяналізмам, добрым стаўленнем да працы, высокай адказнасцю яны забяспечваюць развіццё раёна".

Кіраўнік адміністрацыі акцэнтавала ўвагу, што Маскоўскі раён - малады і дынамічна развіваецца. "І не скажаш, што ён толькі прамысловы, таму што ў нас шмат прадстаўлена розных сфер дзейнасці, асноўныя ВНУ. Гэта маладзёжны раён - больш за 80 тыс. пражывае менавіта моладзі. Мы і гэтаму блоку ўдзяляем вялікую ўвагу, - адзначыла яна. - Гэты год, хоць быў даволі складаным, але ў эканамічным плане ўсе мэтавыя паказчыкі, якія раёну даведзены, забяспечаны. У першую чаргу даволі актыўная знешнеэканамічная дзейнасць. Мы працуем з больш як 70 краінамі. У пачатку студзеня будзе адкрыццё новага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра на праспекце Дзяржынскага. У мінулым годзе адкрылі два дзіцячыя сады: у Брылевічах і Міхалове. Яны размешчаны ў новых, утульных жылых мікрараёнах у крокавай даступнасці. Вялікая ўвага ўдзяляецца ахове здароўя. Цяпер вядзецца будаўніцтва паліклінікі, а таксама аднаго з карпусоў Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі. Гэта ўсё дадатковы клопат пра чалавека".

У Маскоўскім раёне ў бягучым годзе пачата будаўніцтва Санкт-Пецярбургскага квартала. "Яно атрымае працяг у наступным годзе, у 2022-м будзем прымаць навасельцаў - маючых патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў. Вялікая ўвага ўдзяляецца шматдзетным сем`ям. Каля 600 сем`яў у гэтым годзе атрымалі жыллё. Мы добра разумеем, якія льготы і прэферэнцыі прадугледжаны для гэтай катэгорыі грамадзян , - падкрэсліла яна. - Таму напярэдадні Новага года яшчэ раз хочацца сказаць словы падзякі ўсім жыхарам, працаўнікам прадпрыемстваў, устаноў, аб`ектаў гандлю і паслуг. Яны ўнеслі вялікі ўклад у развіццё нашага раёна. І пажадаць ім у новым годзе здароўя, міру, дабра і дабрабыту".

31 снежня 2020, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:31.12.2020
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:228
 
Ключевые слова:
Награждение Мінск
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме