У гэтым годзе мерапрыемства прымеркавана да 100-годдзя авангарднага мастацкага аб`яднання "Сцвярджальнікі новага мастацтва", створанага Казімірам Малевічам у Віцебску. Звыш 100 артыстаў з Беларусі, Расіі, Ірана і Бразіліі пакажуць 12 аматарскіх і прафесійных спектакляў. Асноўныя тэатральныя дзеі разгорнуцца з 2 па 5 снежня на сцэнах Мінска. Трансляцыя замежных пастановак пройдзе ў анлайн-фармаце на YouTube-канале фестывалю.
"Вядома, мы прывыклі да вялікай кампаніі, сумеснай творчасці, узаемадзеяння беларускіх і міжнародных тэатраў. Але "Куфар" міжнародным застаецца і ў гэтым годзе. Тры спецыяльныя пастаноўкі выйдуць анлайн. Гэта вельмі модны фармат 2020 года. Усе міжнародныя фестывалі так ці інакш былі вымушаны яго прымяніць. Сёння ў 20.00 будзе паказана першая пастаноўка тэатра з Бразіліі, а далей будуць Іран і Расія. Такім чынам, мы так ці інакш пастараліся вытрымаць міжнародны фармат фестывалю", - расказала дырэктар форуму Кацярына Саладуха.
Паводле яе слоў, узровень прафесіяналізму студэнцкіх тэатраў пастаянна расце. "Студэнцкія тэатры, сапраўды, набралі за 17 гадоў існавання фестывалю. Мы раслі з кожным годам, і студэнцкія тэатры таксама. І я з гонарам магу сказаць, што праграма фестывалю гэтага года вельмі дастойная", - адзначыла дырэктар форуму.
Як дадаў начальнік упраўлення па справах культуры БДУ Уладзімір Макарэвіч, нягледзячы на пандэмію, было вырашана правесці фестываль. "Тэатральны куфар" жыў, жыве і будзе жыць. Дзякуй калектывам, якія адгукнуліся. У наступным годзе надыходзіць стагоддзе БДУ. І, зразумела, мы адзначым гэту знамянальную дату на самым высокім узроўні", - дадаў ён.
Фестывальную праграму адкрыла пастаноўка "Уна, дачка Казіміра" ў выкананні маладзёжнага тэатра "Кола" Цэнтра культуры "Віцебск". Спектакль пабудаваны на асацыяцыі з супрэматычным балетам. Акрамя таго, на палях форуму Народны студэнцкі драматычны тэатр "На балконе" БДУ пакажа спектакль "Баладына" аб гарачых пачуццях, амбіцыях і расчараваннях па матывах п`ес паэта і драматурга Юльюша Славацкага, а таксама выступіць з прэм`ерай "Азірніся ў гневе" паводле твора Джона Осбарна. Рэжысёр пастановак - Андрэй Саўчанка.
Па традыцыі ў фестывалі ўдзельнічаюць і прафесійныя калектывы. Сярод іх - Тэатр дакумента Ганны Сулімы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Яго артысты падрыхтавалі дакументальны перформанс "Запісная". У аснову пастаноўкі пакладзены ўнікальны дакумент - нязавершаны дзённік вязня гета Гродна, датаваны лютым-красавіком 1943 года. Цяпер гэты гістарычны дакумент захоўваецца ў Ватыкане.
Тэатральнае майстэрства пакажуць юныя акцёры дзіцячай тэатральнай майстэрні "Ага" Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі. Юнакі і дзяўчаты выступяць 5 снежня са спектаклем "Птушкі". На пастаноўку запрашаюцца гледачы ад шасці гадоў.
У бягучым годзе вызначаць толькі ўладальніка Гран-пры "Тэатральнага куфара, БДУ - 2020". У галасаванні прымуць удзел гледачы: яны запоўняць бюлетэні пасля прагляду спектакляў. Уваход на ўсе прагляды фестывалю свабодны па папярэдняй рэгістрацыі. Усе паказы пройдуць з захаваннем санітарна-эпідэміялагічных рэкамендацый.
Фестываль "Тэатральны куфар" праводзіцца ў БДУ з 2004 года. Штогод на мерапрыемства збіраюцца да 20 тэатраў, больш за 250 удзельнікаў з розных краін, 12 тыс. гледачоў. За гады існавання ў фестывалі прынялі ўдзел 230 тэатраў з 65 краін.
Фестываль з 2006 года ўваходзіць у склад Міжнароднай асацыяцыі ўніверсітэцкіх тэатраў, з 2008 года - выканаўчы камітэт асацыяцыі. У 2011 годзе пастановай Савета Міністраў уключаны ў афіцыйны рэестр фестываляў, якія праводзяцца на тэрыторыі Беларусі. У 2012 годзе прызнаны "Брэндам года" і становіцца арганізатарам буйнейшага сусветнага тэатральнага кангрэса пад эгідай Міжнароднай асацыяцыі ўніверсітэцкіх тэатраў (AITU-IUTA).
"Тэатральны куфар, БДУ" тройчы намінаваны на спецыяльную прэмію Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва.
2 снежня 2020, Мінск
БЕЛТА
2 снежня 2020, Мінск
БЕЛТА