Шмат дэманстрантаў трымалі ў руках кветкі, паветраныя шары белага і чырвонага колераў, былі з дзецьмі. Некаторыя мужчыны былі апранутыя ў белыя футболкі, жанчыны — у белыя і чырвоныя сукенкі. Людзі неслі бела-чырвона-белыя сцягі, расцягвалі шматметровыя палотнішчы у гэтых колерах.
Было спякотна, і пэўны рух, здавалася, быў выкліканы пошукам магчымасці купіць пітную ваду, але бліжэйшыя харчовыя крамы па праспекце Пераможцаў у бок вуліцы Арлоўскай былі закрытыя з тлумачэннем «Па тэхнічных прычынах». Пазней з’явіліся бутэлькі вады на зялёнай зоне прама ўздоўж праезнай часткі праспекта Машэрава. Па перыметры асноўнай пляцоўкі, на якой сабраліся людзі, былі размешчаныя біяпрыбіральні.
Пляцоўку ля ўваходу ў Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ахоўвалі самі дэманстранты, якія стаялі ланцугом і ветліва прасілі ўсіх абысці стэлу з супрацьлеглага боку. Некаторыя людзі проста сядзелі на траве, некаторыя спявалі, некаторыя выгукалі лозунгі. Многія фатаграфаваліся і проста перамяшчаліся з аднаго боку на іншы, нехта сыходзіў, нехта прыходзіў. Былі людзі маладыя і старэйшага ўзросту. Не было заўважана людзей нецвярозых, нават тых, хто б курыў у натоўпе.
Людзі запоўнілі ўсю прастору каля cтэлы, а таксама частку праспектаў Пераможцаў, Машэрава, сквера Старосцінская Слабада, парка каля Палаца спорту.
Аўтар: Вольга Мядзведзева
Звязда, 16 жніўня 2020
Звязда, 16 жніўня 2020