«Для правядзення выбараў створаны ўсе неабходныя ўмовы. Перш за ўсё, створана трывалая заканадаўчая база, — заявіў намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валерый Міцкевіч на сустрэчы з групай міжнародных назіральнікаў ад Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў. — Дзейнічае Выбарчы кодэкс, палажэнні якога адпавядаюць міжнародным абавязкам Рэспублікі Беларусь, у тым ліку і Канвенцыі аб стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабод у дзяржавах — удзельніцах СНД».
Віцэ-спікер ніжняй палаты беларускага парламента паведаміў міжнародным назіральнікам, што Цэнтральнай камісіяй Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў сфармаваныя 153 тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі і 5 723 участковыя камісіі. Усе рашэнні ЦВК прымаліся галосна.У анлайн-рэжыме вялася трансляцыя пасяджэнняў.
«Гэта сведчыць аб адкрытасці выбарчага працэсу», — лічыць намеснік старшыні Палаты Прадстаўнікоў. Ён падкрэсліў, што ўлады надаюць вялікую ўвагу назіранню за выбарамі. Цэнтральнай камісіяй Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў акрэдытавана больш за 200 міжнародных і больш за 45 тысяч нацыянальных назіральнікаў.
«Прэзідэнцкія выбары адзначаюцца ростам палітычнай актыўнасці грамадзян. І гэта нядрэнна, — дадаў Валерый Міцкевіч. — Гэта сведчыць аб сталасці беларускай грамадзянскай супольнасці, яе жаданні актыўна ўдзельнічаць у рэалізацыі дзяржаўнага курсу на забеспячэнне незалежнасці нашай краіны, паступальнага сацыяльна-эканамічнага развіцця».
Дэпутат нагадаў, што першапачаткова было зарэгістравана 15 ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Частка адмовілася ад удзелу ў выбарах на этапе збору подпісаў. Неабходная колькасць подпісаў была сабрана і пададзена ў ЦВК сямю ініцыятыўнымі групамі. У выніку былі зарэгістраваныя пяць кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.
«Віктару Бабарыку і Валерыю Цапкалу было адмоўлена ў рэгістрацыі на падставе патрабаванняў і палажэнняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь», — праінфармаваў парламентарый.
У цэлым, па словах Валерыя Міцкевіча, выбарчая кампанія праходзіць спакойна, «абсалютная большасць грамадзян разумее значнасць моманту».
«Разам з тым варта прызнаць, што ў некаторых выпадках удзельнікам выбарчага працэсу не хапае адпаведнага ўзроўню прававой культуры, а недзе пераважае відавочнае жаданне дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне, унесці раскол у беларускае грамадства. У ход ідуць брудныя паліттэхналогіі, фэйкі, фальсіфікацыі, прамы ціск і пагрозы ў адрас членаў выбарчых камісій», — дадаў ён.
Па інфармацыі намесніка старшыні Палаты прадстаўнікоў, з пачатку правядзення кампаніі зафіксавана больш за 100 парушэнняў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Выяўлена каля 30 фактаў здзяйснення іншых правапарушэнняў, звязаных з парушэннем грамадскага парадку, у тым ліку здзяйсненнем супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да членаў ініцыятыўных груп і ажыццяўлення журналісцкай дзейнасці без адпаведнай акрэдытацыі.
«Думаю, вы разумееце, што любыя дзеянні, якія выходзяць за рамкі закона, недапушчальныя і будуць жорстка спыняцца, — звярнуўся ён да групы назіральнікаў. — Мы абавязаны прадпрыняць усе меры па абароне жыцця і здароўя людзей, захаваць мір і згоду. Гэта тыя каштоўнасці, якія ляжаць у аснове беларускага грамадства і асабліва запатрабаваны сёння».
Віцэ-спікер выказаў упэўненасць, што ў ходзе назірання члены дэлегацыі разбяруцца ў сітуацыі і дадуць у сваёй справаздачы аб’ектыўную ацэнку ходу выбараў і вынікаў галасавання.
«Толькі народ нашай краіны мае права вызначаць свой лёс і шляхі далейшага развіцця, —рэзюмаваў ён. — Галасаванне, якое мае быць, прадэманструе мудрасць беларускага народа».
Каардынатар групы назіральнікаў ад МПА СНД Алег Мельнічэнка паведаміў, што экспертная група ад місіі СНД працуе ў Беларусі ўжо каля двух тыдняў і ёю падрыхтаваны і перададзены беларускаму боку даклад аб адпаведнасці заканадаўства Беларусі аб выбарах міжнародным стандартам.
«Мы настроены на сур’ёзную работу, сыходзячы з прынцыпаў нашай Канвенцыі, якой кіруемся, гэта, перш за ўсё, палітычная нейтральнасць, непрадузятасць, адмова ад выказвання нейкіх прыхільнасцяў, ацэнак, гэта значыць працаваць мы будзем абсалютна аб’ектыўна і наша задача сумленна і адкрыта маніторыць выбарчы працэс, які ідзе на тэрыторыі Беларусі», — запэўніў ён.
І намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў, і каардынатар групы міжнародных назіральнікаў у сваіх выступленнях адзначылі, што сёлетні год — гэта год 75-годдзя агульнай Вялікай Перамогі, якая аб’ядноўвае ўсіх прадстаўнікоў краін СНД. З гэтай нагоды група міжнародных назіральнікаў, у прыватнасці, ускладзе сёння кветкі да Мемарыяла Перамогі ў Мінску.
Аўтар: Вольга Мядзведзева
Звязда, 8 жніўня 2020
Звязда, 8 жніўня 2020