У мінулым годзе ў горадзе на Бярэзіне ўжо зрабілі знакавае археалагічнае адкрыццё, калі рабочыя выпадкова знайшлі пазалочаны шлем. У Беларусі яго паспяшаліся прыпісаць князю Ізяславу, таму што раней такія шлемы проста не знаходзілі ў нашай краіне.
Сёння стала вядома яшчэ пра адну знаходку, якая з местачковай, пагражае стаць сенсацыяй.
"Гэты меч датуецца XI-XIII стагоддзямі і адносіцца да поствікінгскай эпохі. На дзяржальні захаваліся сляды срабрэння. Стан для археалагічнага артэфакта ў яго добры", - распавёў гісторык Мікалай Сілкоў.
Паводле яго слоў, цяпер зброя знаходзіцца ў дыстыляванай вадзе, каб ачысціць метал. У цэлым меч захаваўся амаль цалкам і толькі часткова згублена лязо. Гэта дазваляе яго датаваць і аднесці да пэўнага тыпу.
Пры гэтым ён удакладніў, што цяпер меч пры захаванасці каля 80% адсоткаў важыць прыблізна 1,2 кілаграма і мае даўжыню ў 70 сантыметраў. На жаль, нельга вызначыць дакладна, дзе быў выраблены меч.
"Меч трэба чысціць і рэстаўраваць, тады можна будзе ўсталяваць ўсё больш дакладна. Пакуль можна казаць толькі пра тое, што ён належаў або князю ці дружынніку. Простыя воіны ў гэты час былі ўзброены дзідай і сякерай", - падкрэсліў гісторык.
Пасля чаго дадаў, што знойдзены ў Бабруйску меч быў у свой час у руках прадстаўнікоў сярэднявечных феадальных вярхоў на беларускіх землях.
Мікалай Сілкоў распавёў, што на месцы знаходкі плануецца правесці археалагічныя даследаванні, але на дадзены момант у сувязі з пандэміяй каронавіруса, ёсць пэўныя складанасці ў арганізацыі паўнавартасных раскопак.
На думку спецыяліста, знойдзеныя ў Бабруйску шлем і меч, могуць быць паміж сабой звязаныя, таму што маглі існаваць у адзін час і абедзве знаходкі вельмі статусныя.
"Але гістарычных і навуковых пацверджанняў гэтаму пакуль няма. Для гэтага патрэбныя археалагічныя раскопкі", - падсумаваў мясцовы гісторык.
Sputnik, 20 траўня 2020