У час сумеснай акцыі Белтэлерадыёкампаніі і Міністэрства культуры "Майстры культуры - ветэранам" тэлеканал "Беларусь 3" правядзе запіс і прадставіць гледачам прэм`ерны паказ спектакляў і канцэртных праграм ваенна-патрыятычнай тэматыкі з рэпертуару сталічных тэатраў.
Так, 12 мая на тэлеканале будзе паказаны спектакль-канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы "Вельмайстар - акардэон". Ён складаецца з 18 песень ваеннай тэматыкі паэта і кампазітара Марка Мермана ў выкананні артыстаў-купалаўцаў і суправаджаецца відэарадам з рэдкіх кадраў ваеннай кінахронікі. 13 мая пакажуць спектакль "Дзед" Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Трагікамедыя Дзяніса Паршына паводле п`есы Вячаслава Паніна - гэта тонкая эмацыянальная спроба разабрацца ў маральных і духоўных праблемах сучасных рэалій.
Плануецца таксама, што ў маі тэлегледачы ўбачаць канцэртную праграму да 75-годдзя Вялікай Перамогі "І памятае свет выратаваны" з удзелам творчых калектываў Белдзяржфілармоніі. "Дарэчы, акцыя "Майстры культуры - ветэранам" прадоўжыцца да канца года, а значыць, тэлегледачоў "Беларусь 3" у эфіры чакае яшчэ шмат тэматычных прэм`ер", - дадалі ў Белтэлерадыёкампаніі.
7 мая 2020, Мінск
БЕЛТА
7 мая 2020, Мінск
БЕЛТА