https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Больш за 500 рарытэтаў упершыню прадстаўлены наведвальнікам Музея гісторыі ВАВ


Больш за 500 арыгінальных музейных прадметаў упершыню прадстаўлены наведвальнікам Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны на часовай экспазіцыі "Вяртаючы час", якая адкрылася 22 кастрычніка, ў дзень 75-годдзя ўстановы.
"Мы вырашылі адзначыць юбілей нашай работай за апошнія 5 гадоў, як мы пераехалі ў новы будынак. Больш за 500 арыгінальных музейных прадметаў прадстаўлена ў экспазіцыі, практычна ўсе з іх выстаўляюцца ўпершыню, - расказала вядучы навуковы супрацоўнік аддзела пісьмовых і выяўленчых крыніц куратар экспазіцыі Наталля Філіповіч. - Гэта выстаўка паказвае, што музей жыве, што ў нас вельмі шмат наведвальнікаў і гасцей з усяго свету. Аб гэтым у тым ліку сведчаць шматлікія падарункі, прадстаўленыя на экспазіцыі".

Два аўтаномныя інфармацыйныя блокі "Старонкі гісторыі" і "Музей сёння" звязаны непасрэдна са стварэннем музея ў 1944 годзе.

Своеасаблівы дыялог мінулага і сучаснага дае магчымасць наведвальнікам параўнаць розныя часы і падзеі.

Праз рарытэтныя музейныя прадметы раскрываюцца асобныя старонкі гісторыі ўстановы. Інтэр`ерная экспазіцыя пабудавана з выкарыстаннем фондавай мэблі ваеннага і пасляваеннага часу, сабранай па гарачых слядах вайны.

Усё гэта стварае вобраз штодзённай рабочай музейнай абстаноўкі. Гэта своеасаблівая даніна памяці першым супрацоўнікам музея і яго ветэранам.

Стылізаваны вобраз раскрытых старонак сямейных альбомаў прадстаўляе фатаграфіі і дакументы людзей розных пакаленняў, нацыянальнасцей, прафесій, здольнасцей і захапленняў, якія прайшлі і пражылі тую страшэнную вайну.

У цэнтральнай прасторы экспазіцыйнай залы ўпершыню прадстаўлены асобныя ўзоры агнястрэльнай і халоднай зброі, адзенне, ваенная форма, прадметы ваеннай амуніцыі і побыту, перададзеныя ў дар музею як дзяржаўнымі ўстановамі, так і аматарамі ваеннай гісторыі, калекцыянерамі.

Праз гады і сёння беларуская зямля захоўвае мноства прадметаў, якія сталі нямымі сведкамі бітваў, гераізму воінаў і трагедый мірных жыхароў. Менавіта аб гэтым раскажуць прадметы археалогіі, знойдзеныя ў Нясвіжы, дзе былі пахаваны больш за тысячу чалавек, расстраляных у кастрычніку 1941 года, а таксама прадметы, што раскрываюць трагедыю вязняў лагера смерці Трасцянец.

У інсталяцыі палявога армейскага шпіталя прадстаўлены рэдкія прадметы, якія паказваюць медыцынскую службу ў гады вайны.

Мастацка-вобразнае ўвасабленне народнага подзвігу адлюстравана ў жывапісных палотнах, серыі малюнкаў, эцюдах, замалёўках мастакоў, у чыё жыццё вайна ўвайшла ўсёй сваёй суровай штодзённасцю.

Завяршаюць экспазіцыйны рад прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і сувеніры ад дэлегацый розных краін свету. Кожны з твораў вызначаецца яркай творчай індывідуальнасцю і нацыянальным каларытам. Яны сугучныя свайму часу, адлюстроўваюць культуру народа, яго эстэтычныя густы.

Своеасаблівым лейтматывам часовай экспазіцыі з`яўляюцца рэдкія фотасюжэты. Іх аўтары - удзельнікі вайны, вядомыя ваенныя карэспандэнты, якія перадалі ўсе эмоцыі і канкрэтную падзейнасць ваенных гадоў.

Як адзначыла куратар экспазіцыі, фонды музея папаўняюцца за кошт дарыльшчыкаў. Многія з гэтых людзей прысутнічалі сёння на адкрыцці экспазіцыі.

"Жыхары Беларусі і замежжа перадаюць нам на захоўванне рэліквіі вайны: дакументы, прадметы, узнагароды, фатаграфіі самых блізкіх і родных людзей з сямейных альбомаў. Прыемна, што за апошняе пяцігоддзе вельмі шмат паступіла рарытэтаў ад наследнікаў вызваліцеляў", - дадала яна.

Часовая экспазіцыя "Вяртаючы час" будзе працаваць у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны па 31 снежня.

22 кастрычніка2019 , Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:22.10.2019
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:316
 
Ключевые слова:
Музеи Беларуси Великая Отечественная война
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме