РНПЦ трансфузiялогii i медыцынскiх бiятэхналогiй з`яўляецца пакуль адзiным месцам у Мiнску, дзе могуць здаць iмунную плазму крывi тыя, хто гатовы дапамагчы паправiцца iншым. Тут маюць кантакты ўсiх, хто паправiўся, з iмi звязваюцца i прапануюць стаць донарамi. Большасць — пагаджаецца. Iншая рэч, што здаваць плазму можна толькi праз 15 дзён пасля поўнага выздараўлення. I пакуль у краiне такiх людзей не вельмi шмат, гэта жыхары сталiцы i Вiцебска, дзе былi выяўлены самыя першыя ачагi iнфекцыi. Але з кожным днём патэнцыйных донараў будзе станавiцца больш.
Для iх усё даволi проста: узрост павiнен быць ад 18 да 60 гадоў, вага — ад 50 кiлаграмаў, чалавек павiнен быць здаровы. Працэдура займае ўсяго паўгадзiны, i плазма, якую ўзялi ранiцай, ужо ўвечары адпраўляецца ў бальнiцы. Медустановы, дарэчы, самi звяртаюцца ў РНПЦ, калi ў iх маецца пацыент, якому падыходзiць такi метад лячэння. Такiм чынам, плазма больш як ад двух дзясяткаў донараў ужо дапамагае справiцца з хваробай тым, хто знаходзiцца ў цяжкiм стане. Як працуе сёння служба крывi, у тым лiку i па назапашваннi iмуннай плазмы, праiнспектаваў учора вiцэ-прэм`ер Iгар Петрышэнка, наведаўшы РНПЦ трансфузiялогii i медыцынскiх бiятэхналогiй.
— Санэпiдслужба пачала перадаваць звесткi пра тых, хто паправiўся, мы тэлефануем людзям i прапануем прыйсцi i здаць кроў, — уводзiць у курс справы дырэктар РНПЦ трансфузiялогii i медыцынскiх бiятэхналогiй Фёдар Карпенка. — Рыхтавалiся загадзя: на працягу апошнiх двух месяцаў прапрацоўвалi пытанне выкарыстання iмуннай плазмы. Нягледзячы на тое, што гэта новая iнфекцыя, падобны вопыт мы мелi з 2009 года — з часу эпiдэмii грыпу H1N1.
У цэнтры рыхтавалi дакументы, арганiзоўвалi ўсё, каб аператыўна прыступiць да нарыхтоўкi плазмы. Старалiся не страцiць нi дня:
— Мы ўзялi дазвол Сусветнай арганiзацыi аховы здароўя, звязалiся з кiтайскiмi i нямецкiмi калегамi. Чалавек перахварэў, паправiўся, i наша задача — не нашкодзiць яго здароўю. Таму мы максiмальна прадумвалi, як абследаваць донара перад тым, як дапускаць да данацыi, — падкрэслiвае Фёдар Карпенка.
Таму ў цэнтры выконваецца максiмальны аб`ём абследаванняў, аналiз крывi, у тым лiку бiяхiмiчны. Вельмi важны момант — наяўнасць антыцел. Калi iх не акажацца, кроў усё роўна возьмуць. Яе кампаненты спатрэбяцца i для iншых мэт.
— Для выяўлення антыцел мы арганiзавалi тэсты. На наступным тыднi дадаткова атрымаем карэйскую партыю тэст-сiстэм на iмунаглабулiны. Магчыма, будзем рабiць аналiз i нашым пастаянным донарам, якiя рэгулярна прыходзяць на данацыi. Паколькi некаторыя людзi хварэюць у лёгкiх i субклiнiчных формах, магчыма, такiм чынам мы знойдзем тых, хто перахварэў i не ведае пра гэта, — дзелiцца планамi кiраўнiк РНПЦ.
З 21 красавiка нарыхтоўка iмуннай плазмы арганiзавана ў Вiцебску. У хуткiм часе яна пашырыцца на ўсе абласныя цэнтры. Адзiн донар здае 400—500 мiлiлiтраў крывi. Для аднаго хворага пацыента патрэбны 2-3 донары, бо, як правiла, плазму пералiваюць некалькi разоў. Яна зашыфроўваецца кодамi на этапе здачы, i, як правiла, донар i рэцыпiент не ведаюць адно аднаго.
Мiнчанiн Iгар заразiўся COVID-19, калi быў на гарналыжным курорце ў Аўстрыi. Пасля вяртання з-за мяжы яго абследавалi. Тэст аказаўся станоўчы. Лячэнне ён праходзiў у сталiчнай iнфекцыйнай бальнiцы. Зусiм нядаўна прачытаў, што можа стаць донарам, iмкнуўся датэлефанавацца ў пункты, дзе прымаюць кроў, а праз пару дзён яму пазванiлi з РНПЦ трансфузiялогii. У пятнiцу з ранiцы прыехаў для здачы плазмы.
Донарскую кроў i плазму прымаюць як на бязвыплатнай аснове, так i за грошы. Дарэчы, за данацыю плазмы выплачваюць каля 130 рублёў. Кожная чацвёртая данацыя ў нас — бязвыплатная.
— Бязвыплатная — не значыць бясплатная. Мы кампенсуем харчаванне, у донара захоўваецца сярэднi заробак за дзень. Гэта не наша прыдумка, а рэкамендацыi Сусветнай арганiзацыi аховы здароўя, — тлумачыць Фёдар Карпенка. — Штодзённа ў цэнтр прыходзiць каля 300 донараў, па ўсёй краiне 1,5 тысячы чалавек удзельнiчаюць у данацыях. За год выконваецца каля 350 тысяч данацый розных кампанентаў крывi. Кроў i яе кампаненты вельмi запатрабаваны — каля 50 медыцынскіх аўтамабіляў прыязджаюць штодзённа па донарскую кроў.
Вiцэ-прэм`ер Iгар Петрышэнка падкрэслiў, што назапашванне iмуннай плазмы цяпер вельмi важны аспект. Сiтуацыя з распаўсюджаннем COVID-19 знаходзiцца на кантролi кiраўнiка дзяржавы i ўрада. Актыўна ўцягнуты ў гэты працэс i кiраўнiкi мясцовых органаў кiравання.
Iгар Петрышэнка падзялiўся i добрай навiной:
— Шэсць з дзевяцi пацыентаў, хворых на COVID-19, а гэта 60 %, пасля пералiвання плазмы пайшлi на папраўку. Гэта хоць i невялiкая, але станоўчая практыка.
Як лiчыць вiцэ-прэм`ер, у Беларусi кiраваная сiтуацыя з каранавiруснай iнфекцыяй.
— Ужо паправiлiся 1120 пацыентаў. Многiя з iх з`яўляюцца патэнцыйнымi донарамi плазмы i могуць аказаць садзейнiчанне ў выздараўленнi цяжкiх пацыентаў, — адзначыў ён.
Iгар Петрышэнка дадаў, што ўсе пацыенты з COVID-19 забяспечаны меддапамогай. Урачы штодзённа карэкцiруюць метады лячэння. Усяго ў барацьбе з успышкай iнфекцыi, паводле яго слоў, задзейнiчана каля 15—18 % медыкаў.
Аўтар: Алена Кравец
Звязда, 25 красавіка 2020
Звязда, 25 красавіка 2020