Міністэрства інфармацыі сумесна з дзяржаўнымі выдавецтвамі і ААТ "Белкніга" рэалізуюць праекты, прымеркаваныя да 75-годдзя Вялікай Перамогі.
Пад патранажам Міністэрства інфармацыі выдавецтвам "Беларуская энцыклапедыя імя П.Броўкі" да юбілейнай даты рэалізаваны адзін з найбольш значных праектаў на тэрыторыі постсавецкай прасторы - "Беларусь памятае. У імя жыцця і міру". У яго ўвайшлі чатыры ўнікальныя выданні: "Беларусь партызанская. Ілюстраваная энцыклапедыя партызанскага руху ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны", "Нельга забыць. Нельга зразумець. Нельга апраўдаць. Ілюстраваная энцыклапедыя спаленых вёсак Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны", "Сузор`е герояў зямлі беларускай" і толькі што выдадзены экзэмпляр "Савецкія святы і партызанскія парады на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны". Выданні змяшчаюць невядомыя раней факты пра Вялікую Айчынную вайну. Сабраны матэрыял шмат у чым пралівае святло на падзеі, якія да гэтага часу лічыліся белымі плямамі ў гісторыі.
У серыі навукова-папулярных кніг "Беларусь. Трагедыя і праўда памяці" на беларускай, рускай, англійскай і нямецкай мовах выпушчаны кнігі "Хатынь. Трагедыя беларускага народа", "Трасцянец. Трагедыя народаў Еўропы", "Боль і гнеў. Халакост і супраціўленне ў Навагрудку", "Масюкоўшчына. Трагедыя савецкіх ваеннапалонных", "Азарычы. Дарога смерці", "Асіповічы. Трагічныя старонкі гісторыі". Унікальныя навукова-папулярныя выданні падрыхтаваны на сур`ёзнай навуковай, крыніцазнаўчай, дакументальнай базе. Асаблівасць іх у тым, што дакументы і ілюстрацыйныя матэрыялы публікуюцца ўпершыню. У іх выкарыстаны рэдкія архіўныя дакументы, інфармацыя, якая літаральна па крупінках збіралася са шматлікіх архіваў.
Сярод знакавых выданняў мастацка-публіцыстычнай і літаратурна-мастацкай накіраванасці - кніга "Маленькія салдаты вялікай вайны" і выданне "Памяць беражліва захоўваем", што выйшла ў серыі "Беларуская дзіцячая энцыклапедыя".
Сёння ўсё больш запатрабаваны так званы сторынг - падзеі і з`явы, паказаныя праз прызму канкрэтнага чалавека. Менавіта гэту нішу ў нашай краіне займае мастацкая літаратура. Сярод такіх праектаў, прысвечаных юбілейнай даце, - кнігі вядомых аўтараў Мікалая Смірнова "Партызанскі "другі фронт" у Беларусі: імёны, факты, аперацыі НКУС (НКДБ) у тыле ворага" (выдавецкі дом "Звязда") і Вячаслава Бандарэнкі "Самы доўгі дзень "(Паліграфкамбінат імя Я.Коласа). Упершыню раман быў выдадзены ў 2015 годзе, другое выданне пашырана і дапоўнена.
Франтавікі, партызаны, падпольшчыкі - усе здабывалі Вялікую Перамогу. Але быў яшчэ адзін фронт - працоўны. Аб гэтым праект выдавецтва "Беларусь" - "Працоўная Беларусь - фронту", у якім на аснове даследавання шматлікага дакументальнага матэрыялу падрабязна разглядаюцца эвакуацыя з рэспублікі насельніцтва і матэрыяльных каштоўнасцей, дзейнасць фабрычна-завадскіх калектываў Беларусі па перабудове эканомікі на ваенны лад ва ўсходніх рэгіёнах СССР. Адлюстравана таксама роля беларускіх вучоных, пісьменнікаў, мастакоў, якія набліжалі Перамогу ў савецкім тыле.
У серыі "Залатая калекцыя беларускай літаратуры" ў выдавецтве "Мастацкая літаратура" выйшаў 19-ы том "Паэзія перыяду Вялікай Айчыннай вайны".
Напярэдадні святкавання юбілейнай даты ў сетцы кнігарняў ААТ "Белкніга" па ўсёй краіне праекты, прысвечаныя гэтай тэме, будуць асобна прадстаўлены і выдзелены імправізаванай стужкай з сімвалам акцыі "Беларусь памятае".
22 красавіка 2020 Мінск
БЕЛТА
22 красавіка 2020 Мінск
БЕЛТА