Упершыню легендарны спектакль "Паўлінка" Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы будзе трансліравацца ў прамым эфіры на ўвесь свет.
Паказ адбудзецца 27 сакавіка ў Міжнародны дзень тэатра. "Спектакль "Паўлінка" будзе ісці ў прамым эфіры. Гэта дасць магчымасць пазнаёміцца з шэдэўрам тэатральнага мастацтва сусветнага ўзроўню не толькі жыхарам Беларусі, але і прадстаўнікам беларускай дыяспары за мяжой, нашым суайчыннікам, якія па розных прычынах знаходзяцца за мяжой, і ўсім, хто цікавіцца беларускай культурай. Прамы эфір будзе даступны з любога ўстройства і ў сетцы любога аператара Беларусі і іншых краін свету без аўтарызацыі", - расказалі ў тэатры.
Шматкамерная мастацкая здымка ў высокай якасці дасць магчымасць кожнаму гледачу максімальна акунуцца ў атмасферу тэатральнай залы і ўбачыць усё, што адбываецца на сцэне з розных ракурсаў. Для спектакля будуць даступны субцітры на рускай мове. Паказ пачнецца ў 19.00.
"Спектакль "Паўлінка", пастаўлены Львом Літвінавым у 1944 годзе на базе Томскага драматычнага тэатра ва ўмовах эвакуацыі, лічыцца візітнай карткай Купалаўскага. Менавіта гэтай пастаноўкай пачынаецца кожны сезон, спектакль застаецца неад`емнай часткай рэпертуару ўжо амаль 80 гадоў. У 2019 годзе "Паўлінка" была прызнана нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі", - дадалі ў тэатры.
За гады існавання спектакля ў галоўнай ролі гледачы змаглі ўбачыць амаль два дзясяткі таленавітых актрыс - ад Раісы Кашэльнікавай і Зоі Белахвосцік да Марты Голубевай, якая і сыграе 27 сакавіка. Разам з ёй на сцэну Купалаўскага выйдуць Марыя Захарэвіч, Павел Харланчук-Южакоў, Андрэй Кавальчук, Алёна Сідарава, Мікалай Кучыц, Наталля Качаткова, Марына Гардзіёнак, Дзмітрый Тумас.
25 сакавіка 2020, Мінск
Ганна Сініцкая - БЕЛТА
25 сакавіка 2020, Мінск
Ганна Сініцкая - БЕЛТА