Цырымонія інаўгурацыі адбылася на галоўнай арт-пляцоўцы «горада з дзявочай постаццю». Як вытанчана! У Палацы культуры паказалі ўсё, чым слаўна гістарычнае места паміж Гроднам і Мінскам.
У народзе кажуць, што сустракаюць па адзенні. Ужо сталічныя майстрыхі ткуць сіняе палатно для спадніцы ў так званым «Лідскім строі». Скажаце, няма такога сярод традыцыйных? Сто гадоў таму тутэйшыя модніцы ўсё ж адрозніваліся ад навагрудскіх.
Лаўрэаты Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта апранаюць артыстаў «народных» і «заслужаных» калектываў Панямоння. Спяваць і граць вучаць у музычным каледжы. З кім выкладчыкі дарма часу не марнавалі? Да прыкладу, лідар этна-гурта «Троіца» Іван Кірчук.
Музыка, застылая ў камяні… Сярэднявечная цытадэль, Фарны касцёл і царква Усіх Святых, помнік вялікаму князю Гедзіміну. Лепшы фон для сэлфі. Выявы «візітных картак» разляцяцца па свеце. 20 тысяч канвертаў з маркай. Памятнае гашэнне сёння.
Тракай і Ліда ў гэтым годзе не проста гарады-пабрацімы – сталіцы сваіх краін, культурныя! Сёння гасцей запрасілі на інтэрактыўны праменад па Віленскай вуліцы. Дзіцячыя школы мастацтваў, бібліятэкі, музеі, традыцыйнае і сучаснае – чым багатыя, тым і дзеляцца.
Лідчына звязана з усімі культурнымі сталіцамі Беларусі. Ужо 11 год. Сімвал акцыі традыцыйна вырабляюць майстры самага знакамітага айчыннага шклозавода. Сёння на «зямлі пад крышталёвымі крыламі» – новая кропка.
Гарады, як людзі: ёсць свой твар, свая мода і стыль. Сёмае стагоддзе «Лідскі строй» фарміруецца вакол замку – першага каменнага ў Беларусі. Грацыёзны, пазнавальны сілуэт – адзін з элементаў эмблемы 11-й культурнай сталіцы Беларусі. Статусны знак таксама ўключае герб «горада з дзявочай постаццю» і выяву рушніка з непаўторным узорам. Такая повязь часоў.
Тэлеканал АНТ, 21 лютага 2020