Міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч паведаміў журналістам, што пастаўленыя Прэзідэнтам на нарадзе канкрэтныя задачы ў большай ступені тычыліся якасці медыяпрадукту. У прыватнасці, у Беларусі плануецца стварэнне айчыннага медыявымяральніка, які мусіць пачаць працаваць ужо сёлета і будзе вырашаць задачы для ўсяго рынку тэлевізійнай рэкламы, і навінавага тэлевізійнага канала.
«Безумоўна, ішла гутарка аб тым, што сённяшні парадак дня на старонках газет, электронных сродкаў масавай інфармацыі мусіць адпавядаць задачам, якія краіна будзе вырашаць сёлета», — дадаў міністр.
Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант распавёў пра новы навінавы тэлеканал.
«Я разглядаў бы гэты праект як праект ўсіх дзяржаўных СМІ. Гэта будзе, як мы пакуль бачым, тыповы навіннай інфармацыйна-аналітычны тэлевізійны канал. Можна параўнаць, напэўна, з Euronews, можа быць, з BBC, хай гэта нясціпла, пакуль мы яшчэ не стварылі яго. Як мы мяркуем, вяшчаць ён будзе з 7.00 да 24.00. будзе створаны на базе Белтэлерадыёкампаніі, Агенцтва тэленавін. Гэта будзе асобная кнопка. І ён будзе працаваць у ўвязцы з пашыранай інтэрнэт-дырэкцыяй Белтэлерадыёкампаніі, якую таксама вось-вось чакаюць вялікія рэформы. Усе нашы прапановы былі падтрыманы. І цалкам магчыма, што ў бліжэйшы час у нашай краіне з’явіцца яшчэ адзін інфармацыйны інтэрнэт-партал. Гэта будзе сімбіёз тэлебачання і інтэрнэту», - распавёў Іван Эйсмант.
Паводле яго слоў, у праекце могуць удзельнічаць усе тэлеканалы і іншыя СМІ, у тым ліку друкаваныя. «Гэта будзе вялікая шматгадзінная пляцоўка для ўсіх — блогераў, аналітыкаў ... Натуральна, для навінавых выпускаў. Мы будзем рады бачыць усіх у сябе», — падкрэсліў кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі.
Стаіць задача, каб у бягучым годзе новы канал быў як мінімум зарэгістраваны. «З сённяшняга ж дня пачнем працаваць над тым, каб ён як мага хутчэй выйшаў у эфір», — падкрэсліў Іван Эйсмант.
Звязда, 11 лютага 2020