https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Тэхналогія спіральнага пляцення з Віцебскай вобласці прызнана гісторыка-культурнай каштоўнасцю


Аб гэтым паведамілі ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці.
Статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі атрымала традыцыйная тэхналогія спіральнага пляцення Гарадоцкага, Браслаўскага, Верхнядзвінскага раёнаў Віцебскай вобласці і Віцебска.

Спіральнае пляценне - адзін з найстарэйшых відаў пляцення. Гэта тэхніка вядома амаль усім земляробчым народам Еўропы яшчэ з эпохі неаліту. Распаўсюджана яна была і на тэрыторыі Беларусі. Напрыклад, на Віцебшчыне ў пачатку ХХ стагоддзя тэхніка была шырока прадстаўлена ў вёсках Гарадоцкага і Браслаўскага раёнаў, дзе майстры з яе дапамогай выраблялі прадметы хатняга ўжытку: ёмістасці для захоўвання прадуктаў харчавання і адзення, мэблю, вуллі, абутак, палавікі, заслоны на вокны.

"Асноўнымі носьбітамі гэтай тэхналогіі ў 1980-1990-я гады былі Адам Краўчук з Віцебска, Пётр Карэнік і Міхаіл Чаркас з Браслава. Цікавяцца ёй і сучасныя майстры, многія з якіх займаюцца даследаваннем сваіх рэгіёнаў і рэканструкцыяй знойдзеных артэфактаў спіральнага саломапляцення", - адзначылі ў цэнтры народнай творчасці.

Традыцыя спіральнага пляцення на Віцебшчыне адраджаецца супольнасцю майстроў у амаль нязменным выглядзе ў Браслаўскім, Верхнядзвінскім, Гарадоцкім раёнах і Віцебску. Для папулярызацыі гэтай тэхналогіі і народных рамёстваў у культурна-гістарычным комплексе "Залатое кальцо горада Віцебска "Дзвіна", Гарадоцкім Доме рамёстваў і фальклору, Браслаўскім музеі традыцыйнай культуры таксама дзейнічаюць гурткі па спіральным пляценні для дзяцей і дарослых.

"Гэты элемент нематэрыяльнай спадчыны ярка характарызуе гістарычны і этнаграфічны ландшафт гэтых рэгіёнаў Віцебскай вобласці. Ён каштоўны для мясцовых жыхароў сваім зместам, характарам, адпавядае іх бытавым уяўленням", - падкрэслілі ў цэнтры народнай творчасці.

У Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі ўключана 13 элементаў Віцебшчыны, якія існуюць і практыкуюцца ў Браслаўскім, Гарадоцкім, Глыбоцкім, Дубровенскім, Докшыцкім, Лепельскім, Мёрскім, Полацкім, Пастаўскім, Шаркаўшчынскім раёнах і Віцебску.

21 студзеня 2020, Віцебск
Вольга Багачова - БЕЛТА
 
Дата публикации:21.01.2020
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:251
 
Ключевые слова:
Віцебск Нематериальное наследие Этнография Спиральное плетение
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме