https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Яшчэ адну кнігу Мойшэ Кульбака можна прачытаць па-беларуску


Самы, як кажуць, «еўрапейскі» паэт і пісьменнік з Беларусі, які нарадзіўся ў Смаргоні, жыў то ў Мінску, то ў Вільні, то ў Берліне, то зноў у Мінску і загінуў у ноч расстраляных паэтаў, усё больш вяртаецца ў беларускую прастору.
Гэтым разам — з перакладам на беларускую мову з ідыш першай празаічнай спробы Мойшэ Кульбака «Месія з роду Эфраіма», які 20 снежня быў прадстаўлены ў мінскім доме кнігі «Светач».

Раман быў напісаны ў 1922 годзе, выдадзены ў 1924-м і дагэтуль беларускаму чытачу вядомы мала, бо, хоць ён і перакладзены на больш чым пяць моў, ніколі не выходзіў на якой-небудзь з даступных у Беларусі. Выправіць сітуацыю ўзяліся перакладчык Сяргей Шупа і выдавецтва «Янушкевіч».

У рамане «Месія з роду Эфраіма» трыццаць шэсць таемных прапаведнікаў на пачатку ХХ стагоддзя рыхтуюць свет да прыходу Месіі, але адбываецца гэта не ў Ерусаліме, што б адпавядала традыцыі эсхаталагічнай літаратуры, а ў беларускіх лясах і мястэчках. Трэба асобна адзначыць, што 26-гадовы пісьменнік хоць і жыў тады ў Берліне, можна сказаць, культурнай сталіцы свету, дзе знаходзіўся сярод інтэлігенцыі і камунікаваў са знакавымі літаратурнымі постацямі таго часу, пісаў усё адно пра Беларусь.

Час, у які Мойшэ Кульбак напісаў свой першы раман, быў у пэўным сэнсе «апакаліптычны»: свет адыходзіў ад Першай сусветнай вайны (Кульбаку давялося жыць у Мінску пад нямецкай акупацыяй), а беларуская прастора — ад Кастрычніцкай рэвалюцыі, што наклала свой адбітак на фантасмагарычны твор, які «абапіраецца на старадаўні яўрэйскі фальклор, містычнае вучэнне кабалы, модную філасофію, дух беларускай прыроды і сваю багатую паэтычную фантазію».

«Паводле колькасці перакладаў, перадусім у Еўропе, паводле аб`ёму вывучэння, паводле навуковых артыкулаў і манаграфій, прысвечаных літаратуры ў цэлым, літаратуры 1920-х, літаратуры ў Нямеччыне, літаратуры экспрэсіянізму і іншым літаратурным тэмам, Мойшэ Кульбак з`яўляецца, мабыць, самым вядомым у Еўропе і свеце пісьменнікам Беларусі міжваеннага перыяду. Ніхто нават з нашых класікаў — Купала, Колас альбо Гарэцкі, напэўна, найбліжэйшы Кульбаку па пакаленні, яны і жылі блізка адзін ад аднаго, — не можа зраўнавацца з Кульбакам па, як кажуць, індэксе цытавання, — сказаў на прэзентацыі Сяргей Шупа. — Думаю, прыйшоў час нарэшце вярнуць пісьменніка Беларусі, дзе ён нарадзіўся і памёр».

Кульбак з`яўляецца адным з тых беларускіх аўтараў, якія трагічна загінулі праз сталінскія рэпрэсіі, — ён быў расстраляны ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, а яго жонка Зэльда Кульбак хутка была асуджана як член сям`і ворага народа на восем гадоў лагераў.

Кнігу «Месія з роду Эфраіма» можна набыць у сетцы кнігарняў «Белкніга», у тым ліку ў абласных цэнтрах, «Акадэмкнізе», кнігарні «Цэнтральная», Кнігарні Логвінаў, інтэрнэт-краме выдавецтва «Янушкевіч», іншых звычайных і інтэрнэт-крамах.

Аўтар: Сафія Палянская
Звязда, 27 снежня 2019
 
Дата публикации:27.12.2019
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:130
 
Ключевые слова:
Мойше Кульбак Евреи в Беларуси Литература
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме