У Магілёве на месцы страчаных помнікаў архітэктуры з`явіліся стэнды з іх фатаграфіямі і апісаннем. Ідэя такім чынам аднавіць страчаныя помнікі архітэктуры прыналежыць выпускнікам нашай школы ініцыятыў "Цяпліца".
"Гараджане прыходзяць да нас з рознымі ідэямі, і калі яны цікавыя - мы дапамагаем рэалізаваць іх. Так атрымалася з праектам "Подых мiнулага", - адзначыў ён.
На гэты час ў цэнтры горада ўстаноўлена сем стэндаў. Самым першым паказальнікам стаў стэнд па вуліцы Першамайскай, д.29 на месцы сабора святога Іосіфа. Іншыя размясціліся на вул. Першамайскай, д. 8, 10 (касцёл св. Францішка Ксаверыя, з сярэдзіны XIX стагоддзя - Уваскрасенская праваслаўная царква); вул. Болдзіна, д.3 (Фарны касцел); вул. Першамайская, д.1 (Багаяўленская царква Брацкага манастыра); Архірэйскім вале, д.3 (Спаса-Праабражэнскі сабор); Пушкінскім праспекце, побач з мостам (Траецкая царква); вул. Вялікай Грамадзянскай, д.3 (Халодная сінагога).
"Месцы іх устаноўкі выбраны не выпадкова. Менавіта там у свой час знаходзіліся архітэктурныя дамінанты нашага горада. Ужо цяпер мы можам сказаць, што такія гістарычныя даведкі цікавыя не толькі турыстам, але і гараджанам. Пакуль ішла ўстаноўка, людзі падыходзілі, чыталі. І верагодна, нешта дзякуючы праекту адкрые для сябе зусім іншы Магілёў", - адзначыў Юрый Стукалаў.
На ўстаноўленых стэндах ёсць фатаграфіі архітэктурнага збудавання, гістарычная даведка (на беларускай і англійскай мовах) і QR-код, счытаўшы які можна трапіць на старонку з больш падрабязным апісаннем страчанага гістарычнага помніка. У рэалізацыі гэтай ідэі ўдзельнічала вялікая колькасць людзей.
"На ўвасабленне пайшло амаль 8 месяцаў. Грошы збіралі на краўдфандынгавай платформе, дапамаглі спонсары. Праект падтрымаў Магілёўскі гарвыканкам - дапамаглі з ўстаноўкай. Супрацоўнікі Музея гісторыі Магілёва аказалі дапамогу ў складанні гістарычных тэкстаў і вызначэнні дакладнага месца, дзе былі будынкі. Мецэнат Алег Лісоўскі прадаставіў нам са сваёй калекцыі ўнікальныя фатаграфіі для ілюстрацыі стэндаў. Праект "Подых мінулага" - яскравы прыклад таго, як над цікавай і карыснай прапановай працаваў амаль увесь горад", - падзяліўся арганізатар.
22 лістапада 2019, Магілёў
Настасся Гузоўская - БЕЛТА