У экспазіцыю ўвайшлі найбольш цікавыя і аўтэнтычныя прадметы побыту і традыцыйных народных рамёстваў. Сярод іх - народны жывапіс і абразы, маляванкі; лубачныя гравюры на дрэве, размалёўка на шкле, лакавая мініяцюра, пісанкі, драўляная скульптура, куфэркі, мастацкая апрацоўка бяросты, бондарства; глухая і скразная разьба, ганчарства, гліняныя цацкі, кафлярства; кавальскія вырабы, мастацкая апрацоўка скуры, шапавальства, прадметы народнага адзення, вышыўка і ткацтва ў розных тэхніках, вязанне касцяной іголкай; мастацкая апрацоўка косці; лозапляценне, спіральнае пляценне з саломы; плецены абутак, самабытныя музычныя інструменты і інш.
"Усё гэта багацце прызначана прадэманстраваць нашу багатую традыцыйную народную культуру, абудзіць цікавасць майстроў і насельніцтва да яе больш глыбокага вывучэння і захавання ўнікальных помнікаў побыту", - адзначылі ў цэнтры.
Выстава пачала сваю работу сёння ў выставачнай зале ВАМЦНТ. Азнаёміцца з ёю можна будзе да 16 снежня. У час яе правядзення пройдзе ўзнагароджванне пераможцаў абласной выставы-конкурсу традыцыйных вясельных галаўных убораў і атрыбутаў "Вянок нявесты".
27 лістапада 2019, Віцебск
Вольга Багачова - БЕЛТА