https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Супрацьаварыйныя работы пачалі ў капліцы роду Ажэшкаў у Драгічынскім раёне


Рэстаўратары пачалі выконваць супрацьаварыйныя работы ў капліцы-пахавальні роду Ажэшкаў у вёсцы Закозель Драгічынскага раёна, паведаміла начальніца аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Іна Праневіч.
Неагатычная капліца - гісторыка-культурная каштоўнасць II катэгорыі, гэта частка сядзібна-паркавага ансамбля XIX стагоддзя. 

Аб`ект знаходзіцца ў аварыйным стане. Каб прыняць першачарговыя меры па яго захаванні, Брэсцкі аблвыканкам прыняў рашэнне аб выдзяленні больш як Br50 тыс. са сродкаў, заробленых рэгіёнам у час суботніка.

"У верасні-кастрычніку выкананы работы па ачыстцы скляпення даху. Цяпер разглядаецца пытанне аб яго часовым пакрыцці, каб не дапусціць ападкаў у будынак. Драгічынскі райвыканкам шукае магчымасці для прыцягнення сродкаў. Плануецца аказанне спонсарскай дапамогі аднаго з польскіх фондаў: вядзём перагаворы наконт атрымання грошай, падрыхтоўкі праектнай дакументацыі", - адзначыла Іна Праневіч.

Намечаныя работы, якія выконваюць спецыялісты брэсцкага філіяла ААТ "Белрэстаўрацыя", дазволяць не дапусціць далейшага разбурэння даху ўнікальнай славутасці. 

"Гэта адна з найстарэйшых пабудоў у стылі неаготыкі ў рэспубліцы, у бягучым годзе капліцы споўнілася 150 гадоў. Турысты, якія прыязджаюць сюды, дзівяцца таму, якім цудоўным быў аб`ект. На жаль, некаторыя яго элементы страчаны. Тым не менш мы актыўна працуем з архівамі, шукаем звесткі пра першапачатковы выгляд капліцы. Калі ў будучым нам удасца яе аднавіць, яна стане перлінай Беларусі", - упэўнена субяседніца.

Землі ў вёсцы Закозель сталі прыналежаць палескай галіне роду Ажэшкаў з XVIII стагоддзя. У наступным стагоддзі праведзены сур`ёзныя работы па ўпарадкаванні сядзібы: быў пабудаваны дом і парк плошчай амаль 30 га. Капліцу-пахавальню пабудавалі ў 1839-1849 гадах. У яе склепе былі пахаваны некалькі прадстаўнікоў роду Ажэшкаў, астанкі якіх знайшлі ў час археалагічных раскопак у 2009 годзе. Тады ж былі знойдзены дэталі інтэр`ера, драўляныя і гіпсавыя статуі, бронзавае ліццё, фрагмент слуцкага пояса і іншыя артэфакты.

Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Драгічынскага райвыканкама ажыццяўляе збор сродкаў на рэстаўрацыю капліцы-пахавальні.

15 лістапада 2019, Брэст
БЕЛТА
 
Дата публикации:15.11.2019
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:184
 
Ключевые слова:
Закозель Драгічын Эліза Ажэшка Реставрация
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме