У памятнай цырымоніі ўзялі ўдзел шматлікія вернікі з Нарачы і наваколля, а таксама афіцыйныя асобы і прадстаўнікі ўладаў Беларусі і Польшчы, сярод якіх былі член Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, кіраўнік працоўнай групы па супрацоўніцтву з парламентам Польшчы Леанід Качына і віцэ-маршалак Сейму Рэспублікі Польшча Рышард Тэрлецкі.
Памятнае мерапрыемства ў нарачанскім касцёле распачалося з цэлебрацыі святой Імшы за супакой душы Марыі Качынскай і ўсіх загінулых у авіякатастрофе пад Смаленскам 10 красавіка 2010 года. Цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.
У прамоўленым на беларускай і польскай мовах Божым слове іерарх звярнуў увагу на тое, што ў гэты дзень Каталіцкі Касцёл адзначаў успамін Марыі Каралевы, і коратка распавёў пра тэалагічнае значэнне і гісторыю гэтага тытулу Маці Божай.
Кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату нагадаў, што папулярная марыйная малітва — Ларэтанская літанія — уключае ў сябе шэраг заклікаў да Марыі як Каралевы. У мінулым годзе ў ёй з’явіўся таксама заклік: «Каралева Беларусі, маліся за нас».
Арцыбіскуп Кандрусевіч зазначыў, што нагодай для ўсталявання мемарыяльнай дошкі ў памяць Марыі Качынскай у нарачанскім касцёле стаў факт яе нараджэння на тэрыторыі парафіі і хросту ў тутэйшай святыні. Паводле яго, адкрыццё гэтай мемарыяльнай дошкі з’яўляецца знакавай падзеяй як для нашай краіны, так і для ўзаемаадносін паміж Беларуссю і Польшчай.
«Беларусь і Польшча — гэта суседзі, а суседзяў не выбіраюць: іх дае Бог. І суседзям неабходна жыць у міры і згодзе. Тым больш, што Беларусь і Польшчу так шмат чаго аб’ядноўвае.
<…> Нас аб’ядноўваюць супольныя хрысціянскія карані і культурныя традыцыі», — падкрэсліў беларускі іерарх.
Ён звярнуў увагу на тое, што ў гісторыі былі розныя этапы адносін паміж нашымі краінамі, як гэта бывае ў суседзяў: часам — лепш, часам — не вельмі.
«Аднак неабходна ісці наперад, перамагчы саміх сябе, свае прадузятасці і ў згодзе будаваць нашы палітычныя, эканамічныя, культурныя і рэлігійныя адносіны. Гэта — патрабаванне нашага часу. Нам нельга яго не выкарыстаць, каб цягнік нашых узаемаадносін, якія патрабуюць далейшага развіцця, не адышоў, бо тады мы застанемся кожны сам па сабе на пустой платформе», — сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Вяртаючыся да памятнай падзеі, ён дадаў:
«Сімвалічна, што мемарыяльная дошка ўяўляе сабою разгорнутую кнігу з крыжам у верхняй частцы і адпаведным надпісам на беларускай і польскай мовах. <…>
Разгорнутая кніга з крыжам як быццам кажа, што на жыцці Марыі Качынскай трагічная авіякатастрофа пад Смаленскам паставіла крыж. Гэта праўда, што яе зямное жыццё абарвалася. Аднак той самы крыж паказвае на тое, што яно працягваецца, бо крыжам Езуса мы збаўлены.
Надпіс на беларускай і польскай мовах сведчыць пра тое, што памяць нашай зямлячкі аб’ядноўвае два братнія славянскія народы», — падкрэсліў арцыпастыр. Ён завяршыў гамілію традыцыйнай кароткай малітвай, у якой прасіў заступніцтва Марыі Каралевы для далейшага плённага развіцця ўзаемаадносін паміж народамі Беларусі і Польшчы.
Адразу пасля заканчэння святой Імшы духавенства на чале з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, а таксама прадстаўнікі ўладаў нашай краіны і афіцыйнай польскай дэлегацыі скіраваліся да месца, дзе адбылося адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў памяць Марыі Алены Мацкевіч, дачкі Чэслава Мацкевіча і Лідзіі Пішчакі, якая нарадзілася 21 жніўня 1942 года ва ўрочышчы Махава пад Кабыльнікам і была ахрышчана 27 верасня ў мясцовым касцёле святога Андрэя, апостала, тагачасным пробашчам кабыльніцкай парафіі ксяндзом Казімірам Паўловічам.
Паколькі дом сям’і Мацкевічаў — леснічоўка ў ваколіцах Нарачы — да сённяшняга дня не захаваўся, месцам ушанавання памяці Марыі Качынскай стаў касцёл, у якім яна прыняла сакрамэнт святога хросту.
Мемарыяльная дошка выканана ў форме разгорнутай кнігі з крыжам у верхняй частцы, пад якім на беларускай і польскай мовах напісана:
«У гэтым касцёле 27 верасня 1942 года была ахрышчана Марыя Качынская (Мацкевіч), якая нарадзілася 21 жніўня 1942 г. у Махаве на тэрыторыі мясцовай парафіі, жонка прэзідэнта Рэспублікі Польшча Леха Качынскага».
Як зазначыў пробашч нарачанскай парафіі айцец Бэрнард Радзік OCD, мемарыяльная дошка не з’яўляецца месцам культу, а служыць выразам памяці многіх людзей, якія захоўваюць у сэрцах удзячнасці і любоў да былой першай дамы Польшчы і яе мужа прэзідэнта Леха Качынскага.
Тое, што памяць пра прэзідэнцкую пару, якая загінула ў авіякатастрофе пад Смаленскам, жыве ў народзе яго краіны, сцвердзіў у кароткім выступе пасля адкрыцця мемарыяльнай дошкі віцэ-маршалак Сейму Польшчы Рышард Тэрлецкі.
Ён выказаў словы ўдзячнасці ўсім, хто прычыніўся да ўшанавання гэтай памяці на зямлі, дзе нарадзілася Марыя Качынская і яшчэ нямала асобаў, якія ўвайшлі ў гісторыю Польшчы дзякуючы сваім заслугам перад народам.
…На працягу святой Імшы пад скляпеннямі нарачанскага касцёла лётала самотная ластаўка, як быццам гэта душа спачылай у вобразе птушкі вярнулася ў свае родныя мясціны.
Пасля адкрыцця мемарыяльнай дошкі ластаўка знікла: напэўна, вылецела са святыні, каб узняцца ўвысь, да неба — канчатковай мэты і прызначэння кожнага чалавека.
Тэкст: Мікола Гракаў
Catholic.by, 23 жніўня 2019
Catholic.by, 23 жніўня 2019