Археалагічная экспедыцыя ідзе трэці тыдзень. Нядаўна яе ўдзельнікі натыкнуліся на фрагменты загараднай рэзідэнцыі полацкіх князёў XII стагоддзя. Гісторык Васіль Варонін ў свой час выказваў гіпотэзу, што зямлі і двары полацкага ваяводы XVI стагоддзя могуць быць княжацкай спадчынай больш ранняга перыяду.
"Нам удалося даказаць, што тут былі княжацкія дамініяльныя ўладанні. Зараз знайшлі іх канкрэтнае месца, але падобныя пабудовы ёсць у гэтай мясцовасці ў іншых кропках", - распавёў старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі кандыдат гістарычных навук Марат Клімаў.
У першым раскопе спецыялісты адшукалі гаспадарчую пабудову. Зараз працуюць на другім раскопе, дзе выявілі печ і кніжную зашпільку XII стагоддзя, наканечнік стралы, кераміку. Усё гэта сведчыць, што тут жыла і адпачывала статусная асоба.
"Падобныя фрагменты рэзідэнцыі за межамі гарадоў мы ідэнтыфікуем ўпершыню ў гісторыі археалогіі Беларусі. Назваць канкрэтныя імёны князёў, якія тут маглі жыць, не можам. Тэарэтычна, тут мог бываць Усяслаў Чарадзей", - дадаў археолаг Марат Клімаў.
Не выключана, што ў час міжусобіцы княжая рэзідэнцыя была спалена. Тут знайшлі чалавечыя парэшткі, пакуль невядома, якога яны перыяду.
Звязда, 8 жніўня 2019