https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Дакумент з аўтографам караля Панятоўскага пакажуць у брэсцкім краязнаўчым музеі


Пра гэта паведаміла загадчыца навукова-экспазіцыйнага аддзела музея Ніна Кірылава.
У Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі прэзентуюць дакумент з асабістым подпісам караля польскага і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Экспануецца рарытэт па праекце "12 артэфактаў", прысвечанаму 1000-годдзя Брэста.

Рэдкі экспанат будзе выстаўлены з 23 па 30 жніўня. Наведвальнікам музея прадставіцца магчымасць убачыць прэзенту караля польскага і вялікага князя літоўскага Пятру Катовічу аб яго прызначэнні на пасаду святара ўніяцкай царквы ў вёсцы Чаравачыцы (цяпер Кобрынскі раён) Брэсцкага павета. Дакумент складзены ў Варшаве 11 лістапада 1782 года, на ім аўтограф Станіслава Аўгуста Панятоўскага і адбітак каралеўскай пячаткі.

"Гэтай прэзентай кароль дае права на прыход святара і прапануе біскупу Брэсцкаму і Уладзімірскаму Сімяону Млоцкаму прызначыць яго на вакантнае месца настаяцелем царквы, - патлумачыла Ніна Кірылава. - Рукапісныя дакументы гістарычных дзеячаў - адмысловая рэдкасць і гонар музеяў, не кожны можа імі пахваліцца. Нам пашанцавала, такіх прадметаў у дакументальнай калекцыі некалькі".

Гэты артэфакт трапіў у Брэсцкі абласны краязнаўчы музей у сярэдзіне мінулага стагоддзя, у пачатку 1990-х гадоў унікальны дакумент адрэстаўравалі. Цікавы ён не толькі тым, што непасрэдна тычыцца брэсцкай зямлі. Вядома, што апошні кароль Рэчы Паспалітай нарадзіўся ў мястэчку Воўчын, цяпер гэта Камянецкі раён.

Па праекце "12 артэфактаў" кожны месяц 2019 года экспануюцца рарытэты - і не копіі, а выключна арыгіналы. На дэманстрацыю аднаго прадмета адводзіцца ўсяго тыдзень. У музеі ўжо паказалі сем артэфактаў. Наведвальнікі змаглі ўбачыць самшытавы грэбень і касцянога шахматнага караля з раскопак гарадзішча старажытнага Бярэсця, пастанову УЦВК аб ануляванні Брэст-Літоўскага свету, агульнагенеральскі мундзір імператара Мікалая I, трэбнік 1646 года, выдадзены ў Кіева-Пячэрскай лаўры, генеральны план крэпасці Брэст-Літоўска і належную Палескаму ваяводзе музычную шкатулку XIX стагоддзя.

Звязда, 22 жніўня 2019
 
Дата публикации:22.08.2019
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:161
 
Ключевые слова:
Брэст Станіслаў Аўгуст Панятоўскі День города Музеи Беларуси Краеведение
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме