Алі Джура адзначыў, што сёння людзі становяцца сведкамі нарастання крызісных з’яў ва ўсім свеце, яны адчуваюць сур’ёзныя турботы за яго лёс. «Як гэта ўплывае на замежную палітыку Рэспублікі Беларусь? Якіх мэтаў ваша краіна імкнецца дасягнуць на міжнароднай арэне?» — пацікавіўся журналіст ў Аляксандра Лукашэнкі.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, сапраўды, канфлікты ў гэтым свеце ўспыхваюць у розных кропках. «Сёння створана напружанне зусім побач, у нашых межаў, ва Украіне. У Венесуэле вы ведаеце, што адбываецца. Дай бог, каб гэта не перарасло ў нейкі міжнародны канфлікт і сутыкненне, — сказаў беларускі лідар. — Вы бачыце, што адбываецца ў Лівіі — і гэта толькі пачатак. Вы бачыце і адчуваеце ўжо, як грамадзянін Турцыі, што адбываецца побач з вамі ў Сірыі, Іраку. Курдскае пытанне, курдская праблема для вас вельмі важная».
Прэзідэнт падкрэсліў: калі канфлікты ўзнікаюць, значыць, яны камусьці патрэбныя. «І гэты тэзіс пацвярджае тое, што гэтыя канфлікты ўзнікаюць у краінах з багатымі прыроднымі рэсурсамі. У краінах, якія займаюць найважнейшае геапалітычнае становішча на карце свету. Адказ зразумелы — значыць, камусьці патрэбныя гэтыя рэсурсы, значыць, хто-небудзь хоча ўплываць на тыя дзяржавы, якія займаюць гэта геаграфічна і стратэгічна важнае становішча», — падкрэсліў ён.
Аляксандр Лукашэнка задаў журналісту зваротнае пытанне: ці трэба гэта беларусам? «Не. Не, нават калі мы вельмі зацікаўлены як дзяржава ў прыродных выкапняў, у рэсурсах — у нас іх не хапае, асабліва вуглевадародных. Мы ў гэтым не зацікаўленыя, таму што мы не з’яўляемся глабальным гульцом і не маем імперскай псіхалогіі, каб сілай ўплываць на тую ці іншую дзяржаву і займець гэтыя рэсурсы», — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Дык каму ж усё-такі выгадныя канфлікты? «Усё гарыць ад галоўных сусветных гульцоў, — патлумачыў ён. — Што гэта за гульцы? Вы іх добра ведаеце. Адны сябе вядуць агрэсіўна, іншыя займаюцца рыторыкай, вельмі шмат крычаць, але, тым не менш, падліваюць алей у агонь. Трэція маўкліва стараюцца ўплываць на сітуацыю ў свеце. Але кожны з гэтых гіганцкіх гульцоў мае пэўную мэту, перш за ўсё, вось гэтую мэту — падзяляй і ўладар».
Беларусь жа, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, у гэтым катэгарычна не зацікаўлена. «Турцыя, мне здаецца, таксама не прыхільніца таго, каб усюды ўспыхвалі вось гэтыя агмені канфлікту. Таму што Турцыя ў такім становішчы, што гэта можа дрэнна для яе самой скончыцца, калі яна будзе распальваць гэтыя канфлікты», — дадаў Прэзідэнт.
Пры гэтым ён звярнуў увагу, што турэцкія ўлады робяць усё, каб аслабіць сітуацыю ля сваіх межаў і на Блізкім Усходзе ў цэлым. Такім чынам, ні Турцыі, ні Беларусі такія канфлікты — лакальныя ці больш буйныя — абсалютна не патрэбныя, упэўнены кіраўнік дзяржавы. «Мы тут нічога не выйграем — па-першае. А па-другое, наш менталітэт іншы. Мы наеліся гэтых войнаў», — нагадаў ён.
Таму Беларусь праводзіць збалансаваную шматвектарную палітыку. «Нам трэба, каб быў мір і на Захадзе, і на Усходзе. Мы ад гэтага толькі выйграем, займаючы хай нават складанае геаграфічнае становішча ў гэтым свеце паміж магутным Захадам і магутным Усходам, дзе размешчаны вялікая Расія і вялікі Кітай, а з другога боку — Еўрапейскі саюз. Вось наша пазіцыя — яна зыходзіць выключна ад жыцця, яна сыходзіць з таго становішча, у якім знаходзіцца сёння Беларусь. І нам не патрэбныя канфлікты не толькі ў Сірыі — далёка, быццам бы, ад нашых межаў. Яны тым больш не патрэбныя тут, ля нашых межаў. Я маю на ўвазе Украіну. Таму мы займаем тут прынцыповую пазіцыю. Сёння гэты пажар за некалькі кіламетраў ад цябе, а заўтра ён перакінецца на тваю тэрыторыю. І тады ўжо будзе горача», — сказаў беларускі лідар.
Дарэчы, інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву «Анадолу» працягвалася больш за 40 хвілін, прагучала каля 10 пытанняў на самыя розныя тэмы. Бакі абмеркавалі палітычную сітуацыю ў свеце, яе ўплыў на знешнюю палітыку Беларусі, сітуацыю ва Украіне, а таксама выбары Прэзідэнта гэтай краіны. Акрамя таго, казалі пра беларуска-турэцкія адносіны, пра іх перспектывы, а таксама пра асабістыя адносіны двух кіраўнікоў дзяржаў.
Цікавы факт пра інтэрв’юера — з 2007 па 2009 год Алі Джура навучаўся ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце (падрыхтоўчы факультэт рускай мовы, факультэт міжнародных эканамічных адносін).
Аўтар: Уладзiслаў Лукашэвіч
Звязда, 8 красавіка 2019
Звязда, 8 красавіка 2019