https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


"Лiстапад-2018" аб`явіў першых пераможцаў


У Музеі беларускага кіно 5 лістапада міжнароднае журы кінематаграфістаў конкурсу нацыянальных кінашкол XXV Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лiстапад" аб`явіла пераможцаў.
Прыз "За лепшы фільм" прысуджаны карціне "Той жа боль" (рэжысёр Петэр Санд Магнусен, прадстаўнік польскай школы кіно, тэлебачання і тэатра ў Лодзі).

Фільму "Адчужэнне" (рэжысёр Бегім Жалдубай Кызы, прадстаўляе Кыргызска-Турэцкі ўніверсітэт "Манас") прысуджаны дыплом "За аператарскую работу і мужнасць". Работы мабільнай школы Docnomads атрымалі адразу два дыпломы: карціна "На ўсход" (рэжысёр Імэн Чжан) - "За дасціпны арыгінальны падыход" і стужка "Скачкі Бруна" (Мірна Эверхард) - "За тое, што гаворыце жыццю "Так", усведамляючы яе скарацечнасць".

"Маладыя людзі здымаюць кіно аб тым, што іх сапраўды непакоіць і цікавіць. Па форме, жанры ўсе стужкі вельмі разнастайныя, былі прадстаўлены і работы-назіранні, эксперыменты, што спалучаюць анімацыю і дакументалістыку, усё гэта вельмі цікава. У першую чаргу маладых рэжысёраў хвалююць яны самі і толькі некаторыя праблемы грамадскасці, на якія часта яны глядзяць з іроніяй", - расказала праграмны дырэктар дакументальнага кіно фестывалю Ірына Дзям`янава.

У гэтым годзе цікавасць да конкурсу была вельмі высокай, арганізатары атрымалі вялікую колькасць заявак на ўдзел. 

У праграму маладога дакументальнага кіно ўвайшлі 25 студэнцкіх работ з 12 еўрапейскіх кінашкол. Усе паказы прайшлі ў малой зале кінатэатра "Піянер" з 3 па 5 лістапада. Сеансы ўключалі ў сябе прэзентацыі школ, прагляд фільмаў і абмеркаванне іх з аўтарамі. 

Гледачы азнаёміліся са студэнцкімі работамі старэйшых еўрапейскіх кінашкол: факультэта кіно і тэлебачання Акадэміі музычных мастацтваў у Празе (FAMU), польскай школы кіно, тэлебачання і тэатра ў Лодзі, мабільнай кінашколы Docnomads. 

Акрамя таго, Мінск наведалі студэнты кінашкол з Масквы, Мадрыда, Кёльна, Ерэвана, Бруселя, Бішкека і Кіева.Па традыцыі конкурс нацыянальных кінашкол адкрыла беларуская стужка - работа студэнткі майстэрні Сяргея Шульгі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Алены Буяковай - "Адзін дзень з жыцця Алеся і Алесі". 

А апошнім фільмам конкурсу стала стужка расійскага рэжысёра Ксеніі Шкрэбы "Залом". Мэта конкурсу нацыянальных кінашкол - дапамагчы студэнтам і пачынаючым кінематаграфістам сарыентавацца ў міжнароднай прасторы дакументальнага кіно.ХХV Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад-2018" праходзіць у Мінску па 9 лістапада. 

Асноўнымі пляцоўкамі форуму ў гэтым годзе сталі кінатэатры "Цэнтральны", "Мір", "Піянер", "Масква", "Беларусь", Falcon Club Буцік Кіно і Музей гісторыі беларускага кіно. Заснавальнікамі кінафестывалю выступаюць Міністэрства культуры і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт. Арганізатар - Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "АРТ Карпарэйшн".

6 лістапада 2018, Мінск
БЕЛТА

 
Дата публикации:06.11.2018
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:461
 
Ключевые слова:
"Лістапад-2018" Фэст культуры Конкурс Кинематограф
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме