Гэта самая чорная ноч у гісторыі Беларусі, перакананы паэт і адзін з укладальнікаў кнігі "Расстраляная літаратура" Міхась Скобла.
У адну ноч з 29 на 30 кастрычніка ў турме НКУС расстралялі больш за сто чалавек, у тым ліку 22 пісьменніка. Такога беспрэцэдэнтнага масавага знішчэння літаратараў не было нідзе — ні да, ні пасля. Затое былі іншыя ночы… Усяго, паводле ацэнак даследчыкаў, Беларусь у часы сталінскіх рэпрэсій страціла каля 90% пісьменніцкай інтэлігенцыі.
"З прыкладна двух тысячаў загубленых у СССР літаратурных работнікаў кожны пяты — беларускі", — кажа Скобла.
Што страцілі
Прозвішчы расстраляных у ноч на 30 кастрычніка, магчыма, не занадта знаёмыя абывацелю. Хоць, да прыкладу, таго ж Тодара Кляшторнага ў свой час называлі за яго пранізлівую лірыку "беларускім Ясенінам". Міхась Зарэцкі, паводле ацэнак Скоблы, быў першакласным празаікам. Іншая справа, што ён паспеў і што з напісанага захавалася. Кнігі таксама палілі.
У адну ноч з 29 на 30 кастрычніка ў турме НКУС расстралялі больш за сто чалавек, у тым ліку 22 пісьменніка. Такога беспрэцэдэнтнага масавага знішчэння літаратараў не было нідзе — ні да, ні пасля. Затое былі іншыя ночы… Усяго, паводле ацэнак даследчыкаў, Беларусь у часы сталінскіх рэпрэсій страціла каля 90% пісьменніцкай інтэлігенцыі.
"З прыкладна двух тысячаў загубленых у СССР літаратурных работнікаў кожны пяты — беларускі", — кажа Скобла.
Што страцілі
Прозвішчы расстраляных у ноч на 30 кастрычніка, магчыма, не занадта знаёмыя абывацелю. Хоць, да прыкладу, таго ж Тодара Кляшторнага ў свой час называлі за яго пранізлівую лірыку "беларускім Ясенінам". Міхась Зарэцкі, паводле ацэнак Скоблы, быў першакласным празаікам. Іншая справа, што ён паспеў і што з напісанага захавалася. Кнігі таксама палілі.
Адзін з даследчыкаў тых падзей — Леанід Маракоў — распавядаў некалькі гадоў таму журналістам аб вялікім вогнішчы, якое зладзілі ў "амерыканцы" у жніўні 1937 года. У тым вогнішчы, паводле яго слоў, спалілі некалькі дзясяткаў тысяч рукапісаў беларускіх пісьменнікаў.
"Калі ў 1935 годзе арыштавалі перакладчыка Юрку Гаўрука, дык знялі яго прозвішча з "Гамлета", які тады ставіўся. Атрымалася — Шэкспір адразу пісаў па-беларуску", — распавядае аб жахлівым абсурдзе сталінскага часу Скобла.
У 30-я гады ў Беларусі, па словах даследчыка, працаваў сапраўдны канвеер смерці, які сістэматычна і мэтанакіравана знішчаў нацыянальную эліту — пісьменнікаў, тэатральных дзеячаў, нацыянальна арыентаваных палітыкаў.
За некалькі дзесяцігоддзяў сталінскага тэрору Беларусь страціла першага народнага артыста Уладзіслава Галубка, публіцыста і ініцыятара Акту аб стварэнні БНР Антона Луцкевіча, пісьменніка і кіраўніка першага беларускага ўрада Цішку Гартнага, аўтара фундаментальнай "Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі" Вацлава Ластоўскага, стваральніка першай беларускай граматыкі Браніслава Тарашкевіча і многіх іншых.
Купалу з Коласам крануць не рызыкнулі
Аб тым, што рабіць з народнымі паэтамі, першы сакратар ЦК КПБ Панцеляймон Панамарэнка асабіста раіўся са Сталінам. Сабраў "кампрамат" і адправіў ліст у Крэмль.
"Ён прыводзіў столькі аргументаў на карысць сваёй ініцыятывы. Маўляў, народныя паэты — закаранелыя "нацдэмы" з часоў "Нашай нівы", антысаветчыкі і гэтак далей. І канчаўся зварот так: "Прашу павялічыць квоту для Беларусі па першай катэгорыі (квоту на расстрэлы )". Панамарэнку мала было ахвяр!" — распавядае Скобла.
Сталін ініцыятыву не падтрымаў. Купала быў усё-такі занадта заўважнай асобай, першы народны паэт, партрэты якога ў 1920-я гады віселі ў кожнай школе, кожнай хаце-чытальні і сельсавеце.
У рэшце рэшт, хтосьці ж павінен быў пісаць вершаваныя "Лісты вялікаму Сталіну". "І Купала пісаў. Сёння некаторыя крытыкуюць яго за гэта — чаму не выступіў супраць улады. Але ён ратаваў не сябе, ратаваў народ. Тады ж рэпрэсавалі цэлыя народы, як гэта было з крымскімі татарамі. І Купала вымушаны быў ісці на кампраміс. А калі ісці не захацеў, яго скінулі — у лесвічны пралёт у Маскве ў 1942-м", — разважае Скобла.
Калі адкрыюць архівы
У гэтай гісторыі яшчэ шмат белых плям. Няма яснасці, напрыклад, колькі дакладна чалавек расстралялі ў ноч на 30 кастрычніка — з Масквы давялі адну квоту, а ў Мінску, па дадзеных даследнікаў, вырашылі перавыканаць план.
У анталогіі "Расстраляная літаратура" 700 старонак, 66 аўтараў. А магло быць больш, кажа адзін з укладальнікаў зборніка, калі б была магчымасць працягнуць даследчую працу. Але архівы — пасля адноснай свабоды 1990-х — зноў зачыненыя.
"Скажам, я некалькі разоў спрабаваў атрымаць доступ да асабістай справы Ларысы Геніюш, якая была арыштаваная ў 1947 годзе, восем гадоў прабыла ў ГУЛАГу. Мне было адмоўлена", — кажа Скобла.
Пакуль няма доступу да афіцыйных дакументаў, ацэньваць маштабы трагедыі застаецца па сведчаннях ахвяр. Уладзіміра Жылку, хворага на сухоты, арыштавалі ў 1931 годзе і на пяць гадоў саслалі ў Вяцкую вобласць у горад Уржум, дзе ён і памёр…
Урывак з пасмяротнага "Верша развітання" Уладзіміра Жылкі:
О, мой Край, — раздарожжы з крыжамі,
І разоры разворвае жудзь!..
Люты боль працінае нажамі,
Што мне песень Тваіх не пачуць.
О, мой Край, ў яснавейнае ранне,
Калі твой пахапляў я намер,
Быў Ты першым, дзіцячым каханнем,
Мне й апошнім застанься цяпер.
Думаў я, што не будзе выбоін,
Не наважацца стрымваць хады,
Што мінуўшчыны крыўды загоім
Буйнай хваляй вясновай вады.
Але не… хмуры твар майго люду
Кажа зноў аб нядобрай сяўбе.
І мяне, як злачынцу-прыблуду,
Павядуць сумаваць без Цябе…
Вера Дашкевіч, Sputnik
Мінск, 29 кастрычніка 2018