На акцыі ў гонар дня памінання продкаў Дзяды было зачытана пасланне старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Зянона Пазняка, які знаходзіцца ў эміграцыі. Ён, у прыватнасці, заявіў, што "рэжымная бюракратыя хоча захапіць народны мемарыял". На думку Пазняка, адбываецца "чарговая атака ворагаў чалавецтва на Курапаты".
Выступілі дэпутаты Вярхоўнага Савета 12-га склікання (1990—1995) Сяргей Антончык і Сяргей Папкоў, якія таксама раскрытыкавалі намер уладаў устанавіць ва ўрочышчы афіцыйны мемарыял.
Адказны сакратар КХП-БНФ Алесь Чахольскі падкрэсліў, што, паводле яго інфармацыі, у выпадку ўстаноўкі мемарыяла ўлады плануюць перадаць тэрыторыю Курапатаў у падпарадкаванне Міністэрству культуры, а затым прыбраць адтуль шматлікія драўляныя крыжы.
"Я хачу папярэдзіць грамадства, што ў любы момант мы можам стаць на абарону крыжоў. Нам ніхто не можа забараніць ставіць крыжы, мы іх ставілі і будзем ставіць. Ніякае чынавенства нам не ўказ", — заявіў Чахольскі.
"Я хачу папярэдзіць грамадства, што ў любы момант мы можам стаць на абарону крыжоў. Нам ніхто не можа забараніць ставіць крыжы, мы іх ставілі і будзем ставіць. Ніякае чынавенства нам не ўказ", — заявіў Чахольскі.
На думку палітыка, ёсць "вялікая небяспека вайны, і ў гэту вайну, і супраць Украіны, і супраць усяго свету, могуць уцягнуць Беларусь". "Але калі палезуць — мы сустрэнем не толькі сцягамі", — сказаў прамоўца.
Выканаўца абавязкаў старшыні партыі Юрась Беленькі заявіў, што рашэнне аб устаноўцы ў Курапатах спецыяльнага мемарыяла прымала вышэйшае палітычнае кіраўніцтва краіны, аднак грамадства, лічыць ён, не павінна згаджацца з гэтым, паколькі з боку ўладаў "не было акта пакаяння".
Беленькі паведаміў, што некалькі дзён таму яму патэлефанавалі з ідэалагічнага аддзела Мінаблвыканкама і папярэдзілі аб адказнасці ў выпадку ўстаноўкі новых крыжоў. Палітык прапанаваў уладам адмовіцца ад ідэі мемарыялізацыі і "сысці з мірам адсюль". Ён таксама заклікаў прысутных "супрацьстаяць інфармацыйнай вайне і прапагандзе "рускага свету".
Мітынг завяршыўся малітвай святароў непрызнанай Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.
Пасля гэтага ўдзельнікі пачалі ўстанаўліваць прынесеныя з сабой крыжы.
Санкцыянаваная ўладамі акцыя пачалася з трохгадзіннага шэсця ад гадзіннікавага завода "Прамень" каля станцыі метро "Парк Чалюскінцаў". Удзельнікі неслі бел-чырвона-белыя сцягі і сцягі КХП-БНФ. З нагоды 30-годдзя першай акцыі ў Курапатах наперадзе калоны быў разгорнуты транспарант "1988—2018".
У гэтым годзе плакаты былі прысвечаны не толькі памяці ахвяр рэпрэсій, але і пратэсту супраць рашэння ўладаў устанавіць ва ўрочышчы мемарыяльны знак: "Не чужароднай пухліне на курапацкай Галгофе!", "Курапаты — наш народны мемарыял", "Сталіністы, рукі прэч ад Курапатаў!", "Зберажэм народны мемарыял ад чыноўнікаў!".
Шэсце суправаджалі дзясяткі сілавікоў у цывільным, у тым ліку камандзір мінскага АМАПа Дзмітрый Балаба. Яны здымалі тое, што адбываецца, на відэакамеры.
Між тым скандальна вядомы рэстаран "Паедзем паядзім" каля ўрочышча абвясціў 27 і 28 кастрычніка днямі ўкраінскай кухні.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 28 кастрычніка 2018
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 28 кастрычніка 2018