https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У Чырвоным касьцёле зноў паставяць званы — праз 95 гадоў пасьля бальшавіцкай канфіскацыі


Пра гэта паведаміў галоўны інжынэр КУП «Менская спадчына» Міхаіл Жых.
Тры новыя званы на вежы Чырвонага касьцёлу ўсталююць у кастрычніку, пасьля таго як «Менская спадчына», якая рэканструюе храм, атрымае тэхнічную дакумэнтацыю ад польскай фірмы Rduch, што вырабіла званы. 

Званы выстаўленыя, каб людзі маглі палюбавацца імі

Працягваецца рэканструкцыя менскага касьцёлу Сымона і Алены, падчас якой помніку архітэктуры вяртаюць гістарычны выгляд. У верасьні ў Менск даставілі новыя званы для касцёла. Грошы на іх парафія зьбірала з дапамогай вернікаў усёй Беларусі — неабходна было 70 тысяч эўра. Польская фірма Rduch адліла тры званы агульнай масай 2400 кіляграмаў — звон Алімпіі, Сымона і Алены; звон Слугі Божага Эдварда Вайніловіча; звон Арханёла Міхала.

«Гэтыя званы цяпер адмыслова выстаўленыя каля галоўнага ўваходу ў касьцёл. Касцельны камітэт і ксёндз Уладзіслаў Завальнюк папрасілі нас паставіць іх там, каб і вернікі, і звычайныя мінакі паглядзелі на іх прыгажосьць», — распавёў Свабодзе галоўны інжынэр «Менскай спадчыны» Міхаіл Жых.

Рэстаўратары вырашаюць тэхнічныя пытаньні

Прэсавы сакратар Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі ксёндз Юры Санько паведаміў, што «Менская спадчына» як галоўны падрадчык рэстаўрацыі Чырвонага касьцёлу павінна закончыць умацаваньне галоўнай вежы.

«Працы вядуцца. Там вельмі актыўная парафіяльная супольнасьць, якая хоча, каб рэстаўрацыя Чырвонага касьцёлу была зроблена на высокім узроўні. Рэгулярна адбываюцца сустрэчы, у якіх удзельнічае сам мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, каб усе спрэчныя пытаньні адразу здымаць», — кажа ксёндз Юры Санько.

Што да тэрмінаў усталяваньня званоў, галоўны інжынэр «Менскай спадчыны» Міхаіл Жых распавёў, што рэстаўратары чакаюць справаздачы з Польшчы, з прадпрыемства, дзе званы вырабілі.

«Каб вырашыць тэхнічныя пытаньні, нам трэба мець больш інфармацыі — пра вагу званоў, як лепш зрабіць электрыфікацыю, падсьветку. Як толькі атрымаем справаздачу, адразу выканаем тэхнічнае заданьне і ўсталюем. У нас усё неабходнае ёсьць — адмысловая будаўнічая тэхніка, краны. Што да тэрмінаў, спадзяемся у кастрычніку званы ўзьняць», — выказаў спадзяваньне Міхаіл Жых.

Арыгінальныя званы бальшавікі зьнішчылі ў 1923 годзе

Чырвоны касьцёл пабудаваны ў 1905–1910 гадах на сродкі Эдварда Вайніловіча, вядомага палітычнага дзеяча, віцэ-старшыні (з 1907 году старшыні) Менскага таварыства сельскай гаспадаркі, у памяць пра ягоных заўчасна памерлых дзяцей — Сымона і Алену Вайніловічаў.

У 1909 годзе на касьцельную вежу былі ўзьнятыя тры званы: «Міхал» (972 кг, названы ў гонар патрона Магілёўскага архібіскупства Сьвятога Міхала), «Эдвард» (527 кг, названы ў гонар Эдварда Вайніловіча) і «Сымон» (311 кг, названы ў гонар Сымона Вайніловіча). Вежа-званіца касьцёлу Сьвятых Сымона і Алены стала найвышэйшым збудаваньнем тагачаснага Менску, а сам касьцёл стаў найбольшым храмам у горадзе.

У 1922–1923 гадах у Менску на загад бальшавіцкіх уладаў былі разрабаваныя многія касьцёлы і цэрквы. У 1923 годзе з Чырвонага касьцёлу вывезлі амаль усё: мэблю, гадзіньнікі, абразы, посуд, бялізну і нават чарніліцы. Былі скінутыя зь вежаў званы.

Летам 2017 году ў касьцёле Сьвятых Сымона і Алены ўсталявалі электрычныя званы. Але ў верасьні 2017 году Менгарвыканкам пастанавіў забараніць звон — маўляў, перашкаджае працы чыноўнікаў адміністрацыйных будынкаў. Дазволу званіць новымі званамі пакуль няма.

«Цяпер нашая задача іх усталяваць», — сказаў ксёндз Юры Санько.

Радыё Свабода, 24 верасьня 2018
 
Дата публикации:24.09.2018
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:320
 
Ключевые слова:
Чырвоны касьцёл Мінск Реставрация
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме