https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Дзень беларускага пісьменства праходзіць у Полацку


Найстаражытнейшы згаданы ў летапісах горад Беларусі Полацк (Віцебская вобласць) прымае Дзень беларускага пісьменства — традыцыйнае свята друкаванага слова, якое праходзіць ужо ў 24-ты раз.
Полацк выбраны сталіцай Дня беларускага пісьменства не выпадкова — тут у канцы XV стагоддзя нарадзіўся навуковец і гуманіст Францішак Скарына. Дзякуючы яму 500 гадоў таму зарадзілася традыцыя беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання.

Святочныя мерапрыемствы ў Полацку пачаліся 1 верасня — у дзень пачатку навучальнага года. З гэтай нагоды ў цэнтры горада адбылася ўрачыстая лінейка, прымеркаваная да Дня ведаў, адкрылася Скарынаўскай алімпіяда, прайшлі фестываль для дзяцей і моладзі "Полацк, ты крыніца натхнення", баль гімназістак. Па ўсім горадзе праводзяць мноства літаратурных, музычных, мастацкіх, тэатральных мерапрыемстваў, прысвечаных гісторыі Полацка, жыццю Скарыны і Ефрасінні Полацкай і многія іншыя.

У паркавай зоне Кургана Бессмяротнасці недалёка ад Сафійскага сабора клубы гістарычнай рэканструкцыі адкрылі святочны фестываль сярэднявечнай культуры "Рубон".

Раніцай 2 верасня ў цэнтры Полацка прайшло ўрачыстае шэсце, прымеркаванае да 1155-годдзя горада, 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і Дня беларускага пісьменства. На тэматычным круглым стале ў Музеі беларускага кнігадрукавання айчынныя і замежныя літаратары абмеркавалі ролю Францыска Скарыны ў сусветнай гуманітарнай прасторы.

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі разам з Міністэрствам інфармацыі і Полацкім райвыканкамам адкрылі ў гарадскім Палацы культуры навукова-практычную канферэнцыю "Полацкія чытанні". Там жа прайшоў фінал творчага конкурсу сярод юных чытачоў "Жывая класіка" да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік пры садзейнічанні мясцовых уладаў адкрыў некалькі выстаў, на якіх прэзентаваў сапраўдную "Малую падарожную кніжку" Скарыны з калекцыі "Белгазпрамбанка", "Псалтыр" з розных музейных і кніжных збораў, гравюры Полацка сучасных мастакоў.

Дзень беларускага пісьменства ўрачыста адкрыюць позна вечарам 2 верасня пры ўдзеле Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра Беларусі, майстроў мастацтваў і калектываў самадзейнасці. Да афіцыйнай цырымоніі ля Сафійскага сабора адкрыюць памятны знак "Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці", а на плошчы Свабоды — культурна-мастацкі праект "Тры Сафіі: Сафія Кіеўская, Сафія Наўгародская, Сафія Полацкая".

Трэці дзень свята пачнецца набажэнствам у Багаяўленскім саборы і пасадкай ля яго Саду малітвы. Пазней прадстаўнікі Саюза пісьменнікаў Беларусі і міністэрстваў культуры, адукацыі і інфармацыі падвядуць вынікі чарговай Нацыянальнай літаратурнай прэміі, а мясцовыя ўлады правядуць цырымонію перадачы эстафеты Дня беларускага пісьменства Іванаву (Брэсцкая вобласць).

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Полацк, 2 верасня 2017
 
Дата публикации:02.09.2017
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:968
 
Ключевые слова:
Дзень беларускага пісьменства 500-годдзе беларускага кнігадрукання Полацак Францыск Скарына
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме