https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Лічба дня — 8: «Марыйная» лічба


8 снежня Касцёл адзначае ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, а 8 верасня — свята Яе Нараджэння. Відаць, невыпадкова Міжнародным днём жанчын таксама стаў менавіта 8-ы дзень каляндарнай вясны…
8 сакавіка мы пачынаем друкаваць матэрыял, прысвечаны адной са страчаных святыняў нашай Радзімы — абразу Маці Божай Бялыніцкай. На працягу бліжэйшага паўгоддзя, кожны 8-ы дзень месяца ажно да 8 верасня — месяца, у які ў 1761 г. цудатворны абраз Маці Божай Бялыніцкай быў каранаваны папскімі каронамі, — мы будзем знаёміць вас з гісторыяй гэтай цудатворнай іконы і Бялыніцкага санктуарыя, які калісьці называлі «Беларускай Чэнстаховай».
_________________________________________________

Бялыніцкі санктуарый — «Беларуская Чэнстахова», пра якую мы забыліся

Бялынічы. Сёння гэта звычайнае, нічым не прыкметнае беларускае мястэчка ў Магілёўскай вобласці з насельніцтвам, крыху большым за 10 тыс. жыхароў. Тут не захавалася помнікаў архітэктуры, няма і славутасцяў, якія б вабілі сюды турыстаў. Аднак «шэрасць» гэтага мястэчка на ўсходзе нашай краіны насамрэч зманлівая. Бялынічы памятаюць стагоддзі слаўнай гісторыі і многіх славутых асобаў. А перадусім Бялынічы — выбранае Маці Божай месца Яе ўшанавання, дзе Яна пажадала ўсталяваць свой «пасад ласкі».

Белыя ночы

Паводле паданняў, звязаных з абразом Маці Божай Бялыніцкай, гісторыя старажытных Бялынічаў бярэ свой пачатак з ХІІІ стагоддзя (хоць першыя пісьмовы згадкі пра мястэчка адносяцца да XVI ст.).

Адна з легендаў кажа, што, калі на Кіеў напалі татары і пачалі жорстка забіваць жыхароў і руйнаваць хрысціянскія святыні, чатыры манахі са славутай Кіева-Пячэрскай лаўры, узяўшы з сабою старажытную візантыйскую ікону Багародзіцы, уцяклі з Кіева, каб на іншым месцы, якое пакажа матчына далонь Марыі, заснаваць новы кляштар. Манахі селі ў човен ды паплылі ўверх па цячэнні магутнага Дняпра і так дасягнулі яго прытоку — ракі Друць. Знясіленыя доўгім веславаннем супраць цячэння, яны выцягнулі човен на высокі бераг, каб там адпачыць.

Уначы, калі манахі спалі, на ўзгорку адбыўся цуд. Аблічча Багародзіцы на абразе, які яны везлі з сабою, пачало зіхацець дзівосным святлом, што рассеяла начную цемру. Ад таго святла прачнуліся манахі і, бачачы такую цудоўную з’яву, пачалі горача маліцца.

Цуд з іконай вандроўнікі з Кіева палічылі знакам, што Марыя абрала месца сваёй хвалы.

Неўзабаве той пагорак на беразе Друці, дзе адбыўся цуд, стаў месцам культу і малітвы. Тут узнік кляштар і была пабудавана першая царква прарока Іллі. Абраз Марыі яшчэ доўгі час прамяніўся святлом па начах, прывабліваючы пілігрымаў і людзей, якія шукалі Бога. Дзякуючы гэтай цудоўнай з’яве ўначы тут было заўсёды светла: тут былі свае «белыя ночы», калі над Друццю ззяла хвала Багародзіцы. Нібы ад гэтых белых начэй і ўзнікла назва, што хутка прынялася сярод мясцовых жыхароў, якія будавалі свае хаціны як мага бліжэй да ўзгорка Марыі. Так паселішча Марыі стала Бялынічамі.

Працяг — 8 красавіка.

Падрыхтаваў: Кл. Артур Ляшнеўскі SDB
Catholic.by, 8 сакавіка 2018
 
Дата публикации:08.03.2018
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:584
 
Ключевые слова:
Магилёўшчына Бялынічы Христианство Маці Божая Бялыніцкая Религия
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме