https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Тым, хто ўжо пабываў у Міры і Нясвіжы, трэба наведаць Красны Бераг


Хоць бы для таго, каб пераканацца, што родная Беларусь — краіна, у якой далёка не ўсе сцяжынкі да цудаў пратаптаныя. Дарэчы, многія турысты спачатку здзіўляюцца, калі прапануеш ім заехаць у аграгарадок, што ўздоўж чыгункі на шляху ад Мінска да Гомеля.
— І што можна пабачыць у нейкім Красным Беразе! — спачатку гавораць паблажліва.

Зусім з іншым настроем выходзяць пасля наведвання палаца, што нагадвае казачны замак, які схаваўся ў найпрыгажэйшым парку. Кажуць:

— Абавязкова сюды прывязу сваякоў! І хто б мог падумаць, што тут такія шыкоўныя інтэр`еры і такая незвычайная гісторыя.

Вядома ж — лепш адзін раз пабачыць. Адначасова раім паслухаць экскурсію, якую для вас правядуць супрацоўнікі Жлобінскага краязнаўчага музея. Сядзібны комплекс у Красным Беразе з`яўляецца яго філіялам. Ім кіруе старшы навуковы супрацоўнік Марыя Ткачова. Яна праводзіць нас па пакоях, якія некалі, у другой палове XІX стагоддзя, дасталіся ў пасаг Марыі Гатоўскай. Яе бацька, генерал-лейтэнант Міхаіл Сямёнавіч Гатоўскі, выдаў дачку за Вікенція Козел-Паклеўскага, першага з пяці нашчадкаў расійскага алігарха Альфонса Козел-Паклеўскага, які зарабляў грошы на прасторах далёкай Сібіры. Гатоўскі вельмі хацеў, каб дачка мела жаданне прыязджаць на радзіму, і таму "прывязаў" яе да беларускіх зямель такім каштоўным падарункам да вяселля.

— Заўважце — лепка, аздабленне столяў, камінаў, дзвярэй, свяцільняў — усё рознае, — Марына Ткачова зясяроджвае ўвагу на адметнасцях помніка архітэктуры. — Задачай стваральнікаў было не толькі багацце гаспадароў прадэманстраваць, але і паказаць, што дом унікальны. Ён у канцы XІX — пачатку XX стагоддзя стаў летняй рэзідэнцыяй маладых Козел-Паклеўскіх, іх дачай на 40 пакояў.

Звычайна на два тыдні новыя ўладальнікі прыязджалі адпачываць у шыкоўны маёнтак — да 1919 года. Да часу, калі сумнавядомыя рэвалюцыйныя падзеі прымусілі іх кінуць усё і эмігрыраваць у Варшаву. Нашчадкаў Козел-Паклеўскіх раскідала па ўсёй Еўропе.

Між тым супрацоўнікі музея знайшлі некаторых з іх і вядуць актыўную перапіску. Гэта азначае, што копіі дакументаў, фотаздымкі і нейкія іншыя цікавыя артэфакты могуць з`явіцца ў маёнку праз пэўны час.

На жаль, практычна нічога не вядома пра асобу генерал-лейтэнанта інжынерыі Міхаіла Гатоўскага. Затое пра яго свата, Альфонса Козел-Паклеўскага, інфармацыю знайсці лягчэй. Ён быў нашчадкам вядомага шляхецкага рода, карані якога сыходзяць у глыбокае мінулае і губляюцца ў XІV стагоддзі.

Будучы расійскі алігарх Альфонс Фаміч Козел-Паклеўскі нарадзіўся ў 1809 годзе ў маёнтку Быкаўшчына Лепельскага павета Віцебскай губерні. У яго паслужным спісе — дзяржаўная служба ў Санкт-Пецербургу, Астрахані, Томскай губерні. Паралельна ён займаўся камерцыйнымі справамі, і толькі калі стаў сапраўды багаты, вырашыў ажаніцца з літвінкай Анжалінай Іосіфаўнай Рымшай, якая нарадзіла яму пяцярых дзяцей. Іх самы старэйшы сын — Вікенцій стаў асноўным нашчадкам не толькі багацця паспяховага бацькі-прадпрымальніка, але і маёнтка ў Красным Беразе, пра які ідзе размова.

Між тым напярэдадні 1917 года ўральскія заводы Козел-Паклеўскіх выраблялі 1/5 частку ўсяго спірту Расіі. Ім належылі прадпрыемствы па перапрацоўцы жалеза, чыгуну, стэарыну, шкла, а таксама залатыя, азбеставыя, сярэбраныя, медныя, жалезныя руднікі, капальні смарагдаў і александрытаў... У Бабруйску быў дрожджа-броварны завод. Маслабойны — у Мінску. Вікенцій, атрымаўшы маёнтак у Красным Беразе, значна яго пашырыў і ператварыў у комплекс: палац, флігель, гаспадарчыя пабудовы, спіртзавод, пышны парк з садам за цаглянай агароджай і брамай.

Асобнай увагі заслугоўвае імя архітэктара маёнтка, пабудаванага ў 1890—1893 гадах. Віктар Аляксандравіч Шротар ствараў шмат пабудоў рознага прызначэння ў Санкт-Пецербургу, Кіеве, Іркуцку, Ніжнім Ноўгарадзе, Тыфлісе, Адэсе... Ён першы ў Расіі стаў абліцоўваць фасады без тынкоўкі: абпаленай у моцным агні цэглай і натуральным каменем. У такім стылі зроблены і будынак палаца ў Красным Беразе, а таксама двухпавярховы флігель аканома побач.

Архітэктура сядзібы спалучае ракако, маньерызм, ампір і французскі класіцызм... Увогуле каля дзесяці розных стыляў, што робіць яе сапраўднай энцыклапедыяй па гісторыі архітэктуры. Кожны салон, кабінет ці зала прынцыпова адрозніваюцца і маюць адпаведнае аздабленне.

Будынак пастаянна эксплуатаваўся на працягу амаль стагоддзя. Дзякуючы гэтаму інтэр`еры, якія, канешне, прыйшлося доўга і складана рэстаўраваць, у большасці, захаваліся. У палацы адноўлены гатычная, рэнесансная, раманская, арабская залы... У бальнай прысутнічаюць рысы стылю эпохі Людовіка XVІ.

Пра готыку нагадваюць спічастыя аконныя праёмы і хімеры на вадасцёках. Эклектычнасць не раздражняе. Наадварот, здзіўляешся: як гарманічна атрымалася спалучыць тое, што ў тэорыі спалучацца не павінна. І гэта таксама ўсё больш прыцягвае ў Красны Бераг не толькі беларускіх, але і замежных турыстаў.

Цяпер не тое надвор`е, каб доўга гуляць на паветры, аднак і вакол палаца ёсць што паглядзець. Некалі на плошчы каля 10 га галоўным садоўнікам Варшавы Францішкам Шаніорам каля сядзібы быў закладзены англійскі парк пейзажна-рэгулярнага тыпу. У ім і цяпер растуць дрэвы іглічных парод: елка, лістоўніца, піхта. Ёсць тут дубы, ліпы, каштаны, а таксама экзатычныя дрэвы: елка чырвоная, ліпа амерыканская, крымская і буйналістая, аксаміт амурскі, арэх грэцкі. Сёння сярэдні ўзрост дрэў у парку — 120 гадоў, самым старым каля 200. Шкада вось толькі, што жук-караед дабраўся да некаторых хваёвых дрэў і іх прыйшлося тэрмінова выдаліць, каб не пацярпелі іншыя.

Ёсць тут алея кахання. Яна пачынаецца ад манументальнай уязной брамы. У часы, калі тут наездамі жылі Козел-Паклеўскія, была створана вельмі прыгожая традыцыя. Пасля вянчання маладыя, якія жылі ў гэтай мясцовасці — незалежна ад сацыяльнага становішча, абавязкова прыязджалі ў сядзібу і павінны былі праехаць праз алею.

У канцы іх сустракалі самі гаспадары Козел-Паклеўскія, або іх аканом і абавязкова — з каштоўнымі падарункамі для жаніха і нявесты. У парку ёсць загадкавы "савіны камень": валун з двума трохвугольнымі адтулінамі, які чымсьці нагадвае саву. Хто, як і навошта зрабіў дзіркі ў ім? Пытанні застаюцца без адказаў.

200 км на паўднёвы ўсход ад Мінска па прамой чатырохпалоснай аўтатрасе з дазволеным рухам 110 км/г. Такім чынам менш, чым за дзве гадзіны са сталіцы краіны вы трапляеце ў казку, якую дагэтуль не ведалі. Назва яе — палац Козел-Паклеўскіх у Красным Беразе. Дарэчы, на поездзе дабірацца таксама зручна. Прыпынак зусім недалёка ад маёнтка.

Ірына Асташкевіч
іost@zvіazda.by
Звязда, 1 студзеня 2018
 
Дата публикации:01.01.2018
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:690
 
Ключевые слова:
Гомельшчына Козел-Паклеўскі Красны Бераг Туризм в Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме