https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Фестываль "Гонару продкаў" пройдзе 1-2 ліпеня ў Вілейцы


Сёлета фестываль гістарычнай рэканструкцыі прысвечаны падзеям грамадзянскай вайны ў ВКЛ у 1432-1438 гадах, на фестывалі выступяць "Кашлаты вох", By Cry, Hardwood, "Рутвіца", "Мярэжа" і іншыя.
Двухдзённы фестываль гістарычнай рэканструкцыі "Гонару продкаў" пройдзе ў Вілейцы 1-2 ліпеня, гасцей чакаюць рыцарскія спаборніцтвы, фаер-шоу і музычная праграма, распавялі арганізатары фестывалю.

У гэтым годзе фэст прысвечаны падзеям грамадзянскай вайны ў Вялікім Княстве Літоўскім у 1432-1438 гадах, і ўсе падзеі на асноўнай — рыцарскай пляцоўцы будуць развівацца па храналогіі падзей, якія разгортваліся пад час вайны.

"Гасцей фэсту чакае вельмі насычаная праграма ажно на чатырох пляцоўках: асноўнай — рыцарскай, этна-пляцоўцы, семінарнай і анімацыйнай. Кожная пляцоўка ўвесь час фэсту будзе працаваць незалежна адна ад адной і кожны наведвальнік свята знойдзе сабе цікавосткі на свой густ", — распавялі арганізатары фестывалю.

Адметнасцю фестывалю стане тое, што бугурты ў межах рэканструкцыі будуць праходзіць не толькі на асноўнай пляцоўцы — рысталішчы,  але і ў прылеску ля тэрыторыі фестывалю, каб максімальна наблізіць рэканструкцыю да рэальных падзей.

На рыцарскай пляцоўцы прадугледжаны рыцарскія адзіночныя і масавыя баі-бугурты, штурмы сапраўднага ўмацаваннага гарадзішча і замка з выкарыстаннем сапраўднай артылерыі: ручніц і гарматаў.

На этна-пляцоўцы аматары беларускай народнай культуры і побыту пабачаць сапраўднае жыццё нашых прабабуль і прадзядуль.

Паслухаюць народныя спевы ў выкананні знакамітых этна-гуртоў, такіх як "Рутвіца", "Горынь", "Мярэжа". Пагуляюць у народныя гульні і забаўкі. Патанчаць народныя танцы. Для маленькіх наведвальнікаў фэсту на этна-пляцоўцы таксама будуць паказаны прадстаўленні лялечнага тэатра батлейка.

Будзе працаваць семінарная пляцоўка — гасцям фэсту распавядуць пра нумізматыку, развіццё даспехаў, гісторыю ткацтва, практычнае валоданне зброяй і распальванне агню ў сярэднявечча і яшчэ шмат іншага.

На анімацыйнай пляцоўцы будуць паказаны тэатральныя і анімацыйныя выступы: пацешныя і сур`ёзныя прадстаўленні. Пад час усяго фэсту "Гонару Продкаў" будзе працаваць горад майстроў, музейная экспазіцыя ў замку, кропкі грамадскага харчавання, гарадскі пляж.

Першы дзень фэсту скончыцца блокам сярэднявечных танцаў і вялікім канцэртам і фаер-шоу з удзелам знакамітых музычных гуртоў. На сцэне выступяць Hardwood, By Cry, "Кашлаты Вох" і інш.

Са слоў арганізатараў, другі дзень фэсту будзе не менш насычаны і цікавы і ў час яго таксама будуць працаваць усе пляцоўкі.

Грамадзянскую вайну ў ВКЛ 1432-1438 гадоў вялі паміж сабою феадалы Польшчы і ВКЛ (тады аб`яднаных у саюзную дзяржаву) і іх саюзнікі. Вайна прывяла да фактычнага паслаблення палітычнай сістэмы ВКЛ, але ВКЛ удалося захаваць сваю палітычную незалежнасць ад Польшчы.

Фестываль "Гонару продкаў" пройдзе 1-2 ліпеня ў горадзе Вілейка (Мінская вобласць) на тэрыторыі "Ніжняга парку".

Мінск, 22 чэрвеня 2017
Sputnik
 
Дата публикации:22.06.2017
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:797
 
Ключевые слова:
Фэст культуры Историческая реконструкция ВКЛ Вілейка
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме