https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Кодэкс Беларусі аб культуры ўступае ў сілу 3 лютага 2017 года


Кодэкс Беларусі аб культуры быў падпісаны кіраўніком дзяржавы 25 ліпеня 2016 года.
Сімвалічна, што дакумент быў прыняты ў Год культуры, якім быў аб`яўлены ў Беларусі 2016 год. Дакумент уступае ў сілу праз шэсць месяцаў пасля яго афіцыйнага апублікавання.

Кодэкс аб культуры распрацаваны ўпершыню і не мае аналагаў на постсавецкай прасторы.

Ён грунтуецца на дзеючых цяпер нормах законаў "Аб культуры ў Рэспублiцы Беларусь", "Аб бiблiятэчнай справе ў Рэспублiцы Беларусь", "Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспублiцы Беларусь", "Аб творчых саюзах i творчых работнiках", "Аб кінематаграфіі ў Рэспубліцы Беларусь", "Аб музеях i Музейным фондзе Рэспублiкi Беларусь", "Аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны Рэспублiкi Беларусь".

Кодэкс аб`яднаў каля 60 нарматыўных прававых актаў рознай юрыдычнай сілы, з іх 7 законаў, 4 указы Прэзідэнта Беларусі, каля 20 пастаноў урада і каля 30 нарматыўных прававых актаў Мінкультуры.

Кодэксам прадугледжваецца стварэнне на базе існуючых прававых інстытутаў адзінага механізма рэгулявання адносін у сферы культуры і адначасовае ўстараненне недахопаў прававога рэгулявання ў гэтай сферы, забяспечваецца скарачэнне прававых актаў па пытаннях культуры і іх упарадкаванне.

У мэтах захавання культурных каштоўнасцей, развіцця арганізацый культуры і забеспячэння агульнадаступнасці культурных здабыткаў Кодэксам устанаўліваюцца прававыя, арганізацыйныя, эканамічныя і сацыяльныя асновы культурнай дзейнасці і рэгулююцца праваадносіны ў наступных сферах: захаванне і развіццё культурных каштоўнасцей, ахова гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны; бібліятэчная і музейная справа; кінематаграфічная дзейнасць; народныя мастацкія рамёствы, дзейнасць калектываў мастацкай самадзейнасці; правядзенне культурных мерапрыемстваў, арганізацыя культурнага адпачынку насельніцтва; узнагароды ў сферы культуры.

Кодэкс аб культуры змяшчае больш за 60 навацый. Заяўлены больш значныя патрабаванні да стварэння музеяў, спрашчаецца парадак стварэння музеяў-запаведнікаў і музеяў пад адкрытым небам.

Рэгулююцца пытанні аховы археалагічнай спадчыны. У дакуменце змешчана шмат норм аб арганізацыі канцэртнай дзейнасці. У цэлым дакумент сістэмна і комплексна рэгулюе адносіны ў сферы культуры.

Работа над Кодэксам аб культуры пачалася ў 2011 годзе, калі была сфарміравана ідэя аб неабходнасці такога нарматыўнага дакумента. У 2013 годзе была створана канцэпцыя, сабраны неабходныя для дакумента матэрыялы, потым пачалася непасрэдная работа соцень людзей над Кодэксам як юрыдычным дакументам.

Кодэкс аб культуры мае шэраг важных асаблівасцей. Дакумент прадаўжае традыцыі статута Вялікага Княства Літоўскага, ён напісаны на беларускай мове.

Таксама прадаўжае традыцыю кодэкснага мыслення, якое характэрна для беларускай правазнаўчай практыкі.

Шматстаронкавая праца структурна падзелена на 5 раздзелаў, 27 глаў і 257 артыкулаў.

Кодэкс аб культуры будзе запатрабаваны не толькі тымі, чыя дзейнасць мае дачыненне да сферы культуры, але і радавымі грамадзянамі, паколькі дакумент з`яўляецца зборам правоў і абавязкаў і для гледачоў, і для наведвальнікаў музеяў, і для чытачоў.

Як усякі дакумент мае тэндэнцыю да перагляду, дапаўненняў, так і Кодэкс аб культуры можа з часам абнаўляцца.

3 лютага 2017, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:03.02.2017
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:910
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме