https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Тыдзень маці стартуе ў Беларусі


Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.
Тыдзень маці стартуе 10 кастрычніка ў Беларусі, ён прадоўжыцца па 16 кастрычніка.

Паводле слоў спецыялістаў, Тыдзень маці нацэлены на падтрыманне традыцыі беражлівага стаўлення да жанчыны, умацаванне сямейных каштоўнасцей і павышэнне прэстыжу здаровай гарманічнай сям`і, адказнага бацькоўства.

У правядзенні мерапрыемстваў гэтага тэматычнага тыдня прымаюць удзел міністэрствы культуры, інфармацыі, адукацыі, аховы здароўя, унутраных спраў і абароны, аблвыканкамы і Мінгарвыканкам. Значны ўклад уносіць грамадскае аб`яднанне "Беларускі саюз жанчын".

Падтрымка сем`яў з дзецьмі - адзін з асноўных прыярытэтаў сацыяльнай палітыкі дзяржавы. У мінулым годзе ў краіне нарадзіліся 119 тыс. дзяцей - рэкордны паказчык за ўсю гісторыю суверэннай Беларусі. Прычым 57,2 працэнта нованароджаных - гэта другія і наступныя дзеці ў сем`ях. Колькасць шматдзетных сем`яў вырасла з 62,5 тыс. у 2009 годзе да 81 тыс. у 2016 годзе.

Па сусветным індэксе мацярынства, які складаецца міжнароднай арганізацыяй Save the Children, Беларусь уваходзіць у лік 25 (са 179) краін свету, спрыяльных для мацярынства, і лідзіруе сярод краін СНД.

Праграма Тыдня маці 10-16 кастрычніка ўключае ў бягучым годзе традыцыйныя ўрачыстыя прыёмы ў гар-, рай- і аблвыканкамах, цырымоніі ўзнагароджання ордэнам Маці, святочныя канцэрты, вечары адпачынку, а таксама мерапрыемствы новага фармату (выстаўка-форум "Мацярынства і дзяцінства", акцыя ў арганізацыях аховы здароўя "Тыдзень без абортаў").

У працоўных калектывах, па месцы службы пройдзе ўшанаванне жанчын-маці, адбудзецца фінал рэспубліканскай акцыі "Сям`я! Служым разам!".

У Драматычным тэатры Беларускай арміі павіншуюць актыў Беларускай грамадскай арганізацыі салдацкіх маці, Асацыяцыі членаў сем`яў ваеннаслужачых, якія загінулі ў Афганістане "Памяць і абавязак", Фонду сацыяльнай абароны ўдоў і дзяцей ваеннаслужачых, што загінулі ў лакальных ваенных канфліктах "Абавязак".

Дабрачынны вечар балета для шматдзетных і малазабяспечаных сем`яў пройдзе ў Беларускім дзяржаўным харэаграфічным каледжы.

У Нацыянальным гістарычным музеі адбудзецца канцэрт стыпендыятаў Міжнароднага дабрачыннага фонду Юрыя Розума, прысвечаны Дню маці.

Тэматычную праграму "Матчына хата" арганізуе Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. У Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры падрыхтавана фотавыстаўка, прысвечаная Тыдню маці.

У сталіцы адбудзецца ўрачыстае адкрыццё новага будынка ДУ "Мінскі гарадскі цэнтр сацыяльнага абслугоўвання сям`і і дзяцей". Фотавыстаўка "Бацька і дзіця" сацыяльнага арт-праекта "Babystory.by" адкрыецца каля Мінскай гарадской ратушы.

Па добрай традыцыі ўшанаванне маці-сяльчанак пройдзе ў Сусветны дзень сельскіх жанчын. У гэтыя кастрычніцкія дні ўшаноўваюць сямейныя пары - залатых і сярэбраных юбіляраў, а таксама шматдзетных маці, якія нарадзілі дзіцяці ў 2016 годзе.

У радзільных дамах павіншуюць жанчын, што нарадзілі дзяцей у Дзень маці. Адбудзецца ўшанаванне маці са шматдзетных, прыёмных, апякунскіх сем`яў, маці, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, для іх правядуць дабрачынныя акцыі. Запланаваны бясплатныя юрыдычныя кансультацыі для шматдзетных маці.

Дабрачынная акцыя "Міласэрнасць" прадугледжвае наведванне адзінокіх састарэлых жанчын у бальніцах сястрынскага догляду, у аддзяленнях дзённага знаходжання тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, у дамах-інтэрнатах для састарэлых і інвалідаў.

Плануецца наведванне дамоў ветэранаў і дамоў састарэлых. Клубы замяшчальных бацькоў правядуць святочныя тэматычныя сустрэчы з прыёмнымі бацькамі, бацькамі-выхавальнікамі, апекунамі.

Адбудуцца круглыя сталы, дыскусіі з удзелам кандыдатаў ва ўсынавіцелі, у бацькі-ўсынавіцелі. Запланаваны круглыя сталы і прэс-канферэнцыі па пытаннях аховы рэпрадуктыўнага здароўя, фарміравання здаровага ладу жыцця.

У арганізацыях аховы здароўя пройдзе кансультаванне жанчын, дзяцей і навучэнскай моладзі па пытаннях фарміравання здаровага ладу жыцця, захавання і ўмацавання здароўя.

Па ўсёй рэспубліцы ва ўстановах адукацыі адбудуцца ранішнікі, выстаўкі дзіцячай творчасці, ва ўстановах культуры - тэматычныя літаратурна-музычныя вечары, канцэрты, кніжныя выстаўкі, у кінатэатрах - тэматычныя кіналекторыі, паказы сацыяльных ролікаў, тэматычных дакументальных, мастацкіх і анімацыйных фільмаў.

У краіне разгорнуцца масавыя сямейныя мерапрыемствы, спартакіяды, спартыўныя спаборніцтвы. Плануецца падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага творчага конкурсу сярод СМІ "Моцная сям`я - моцная дзяржава".

Будуць аб`яўлены вынікі інтэрнэт-конкурсу малюнкаў "Маміна ўсмешка" і рэспубліканскага конкурсу сачыненняў студэнтаў "Гімн маці".

У міністэрстве адзначылі, што ў 2016-2020 гадах сямейная палітыка накіравана на захаванне дасягнутых паказчыкаў нараджальнасці, умацаванне інстытута сям`і, выкарыстанне створаных механізмаў падтрымкі сям`і (фарміраванне сямейнага капіталу, аказанне матэрыяльнай дапамогі шматдзетным сем`ям да навучальнага года, прадастаўленне шырокага спектра сацыяльных паслуг сем`ям з дзецьмі і інш.).

Гэта прадугледжана падпраграмай "Сям`я і дзяцінства" Дзяржаўнай праграмы "Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь" на бягучую пяцігодку.

10 кастрычніка 2016, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:10.10.2016
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:959
 
Ключевые слова:
Неделя матери Демография Индекс материнства Соцзащита в Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме