https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Падлога, палец, столь. Які сьлед у нашай геральдыцы пакінулі расейцы


5 беларускіх гарадоў, якія карыстаюцца расейскімі гербамі, хоць маюць уласныя і больш старажытныя.
Беларускія гарады і сёньня карыстаюцца гербамі, што былі атрыманы ў царскія часы. Так сьцьвярджае Анатоль Цітоў, які больш за 30 гадоў вывучае гарадзкую гербавую спадчыну. Чаму ў геральдыцы ўсходніх гарадоў так шмат зброі, а Пагоня на гербе гораду — зусім не нагода для гонару, дасьледчык апавёў у інтэрвію.

«Мяне называюць беларускім імпэрыялістам»

Кніга геральдыста Анатоля Цітова «Гербы беларускіх гарадоў» стала першым сучасным выданьнем, дзе сабраныя ўсе вядомыя на той час гарадзкія гербы. Мастак Яўген Кулік на падставе сярэднявечных пячатак зрабіў эскізы. Большасьць зь іх ужо пазьней зацьвердзілі ў якасьці сучасных.

А пачыналася ўсё на пачатку 1970-х — з унівэрсытэцкай лекцыі. Выкладчык Лаўрэн Абэцэдарскі расказваў студэнтам гісторыю, як ён прывёў францускую дэлегацыю на вячэру ў рэстаран «Юбілейны» ў Менску. На сьценах віселі адчаканеныя гербы беларускіх гарадоў. Абэцэдарскі ж сказаў, што гэта «ня тыя» гербы.

«А я, студэнт, пытаюся ў выкладчыка: „Скажыце, а якія „тыя“?“, — узгадвае Цітоў. — А ён трохі стушаваўся. Бо на той час былі толькі асобныя факцікі, раскіданыя па розных крыніцах. Трэба было ўсе сабраць і абʼяднаць».

Цітоў шукае згадкі пра беларускія гербы ўжо больш за 30 гадоў

З 1975 году, калі Цітоў стаў працаваць у Нацыянальным гістарычным архіве. І да сёньня ён прафэсійна займаецца пошукам і аднаўленьнем гістарычных гербаў беларускіх гарадоў. У тым ліку гарадоў Смаленшчыны, Браншчыны, Віленшчыны і Падляшша.

«Я аднаўляю гербы гарадоў, якія былі на этнічных землях Беларусі, — кажа Цітоў. — У адной з рэцэнзій на маю працу нават напісалі, што я беларускі імпэрыяліст».

Як вёска на чатыры хаты стала горадам і атрымала герб ад Стэфана Баторыя

Цітоў рэканструюе толькі гістарычныя гербы. Ён лічыць, што горад мусіць мець герб толькі ў выпадку, калі ён апісаны ў прывілеі ці захавалася пячатка з выявай.

У часы Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай гербы даваліся разам з «майдэборскімі правамі». Цітоў выкарыстоўвае менавіта слова «майдэборскія», а не «магдэбурскія», бо так было зафіксавана ў Статутах і прывілеях.

Дасьледчык расшукаў, што падчас ХІV — ХVІІІ стагодзьдзяў на этнаграфічных беларускіх землях існавала каля 150 «майдэборскіх местаў» — гарадоў з магдэбурскім правам. Акрамя Бялынічаў, Бешанковічаў і Талачына, сёньня вядомыя ўсе гербы.

«Справа гонару сучасных сапраўдных геральдыстаў — сьцерці гэтыя белыя плямы з геральдычнага поля краіны», — кажа Цітоў.

У часы Сярэднявечча гарадамі, ці местамі, лічыліся ўсе паселішчы, якія мелі «майдэборскія правы». Незалежна ад насельніцтва і эканамічнага стану. Напрыклад, свой герб мае вёска Перабродзьдзе каля Мёраў. Такую заслугу жыхары Перабродзьдзя атрымалі ад Стэфана Баторыя.

Гэта здарылася пасьля таго, як мясцовыя жыхары паказалі Баторыю брод цераз возера. Так ён скараціў шлях да Полацку, якім ішоў вызваляць зямлю ад маскавітаў. І хоць у Перабродзьдзі на той час было ўсяго чатыры хаты, вёска атрымала герб і «майдэборскія правы».

Пасьля таго, як беларускія землі далучылі да Расейскай Імпэрыі ў канцы XVIII стагодзьдзя, гербы атрымалі ўсе паветы — іх раздавалі незалежна ад заслугаў. Больш за тое, амаль усе гістарычныя гербы ў царскія часы замянілі на новыя.

«Яны ствараліся па прынцыпе ППС, — кажа Цітоў. — Падлога, палец, столь. Што бачылі, тое і стваралі. Гэтыя гербы ня несьлі ніякага сэнсу».

5 гарадоў, якія дагэтуль карыстаюцца расейскімі гербамі

Большасьць знойдзеных і рэканструяваных Цітовым і Куліком гербаў зацьверджаныя ў якасьці гарадзкой геральдыкі. Але пяць беларускіх гарадоў і сёньня трымаюцца імпэрскай сымболікі, хоць вядомыя іхнія спрадвечныя гербы.

Бабруйск

Сучасны герб Бабруйску цалкам паўтарае імпэрскі, дадзены гораду ў 1796 годзе. Яго выява ёсьць у «Поўным зборы законаў Расейскай імпэрыі». На гербе — мачты. Гэта зьвязана з тым, што ў канцы ХVIIІ стагодзьдзя будаваўся расейскі флёт і шмат мачтавага лесу сплаўлялі па Бярэзіне.

Аднак зусім нядаўна Анатоль Цітоў знайшоў апісаньне бабруйскага гербу ХVII стагодзьдзя. На ім выява крэпасьці на сутоках дзьвюх рэк — Бабруйкі і Бярэзіны.

«Тут улады нельга абвінавачваць, бо да канца 1990-х гэты герб яшчэ ня быў вядомы», — кажа Цітоў.

Гомель

А вось гомельскія ўлады пра існаваньне гістарычнага гербу добра ведалі. Але ўсё адно пакінулі царскі.

Рысь на блакітным фоне насамрэч нават ня гомельскі сымбаль. У часы імпэрыі горад быў прыватным, належаў Румянцаву-Задунайскаму. А паводле законаў таго часу прыватны горад ня мог быць цэнтрам павету. Таму Гомель увайшоў у Беліцкі павет. Ад вёскі Беліца ён і пазычыў герб з рысьсю.

А вось гістарычны герб горад атрымаў 21 сакавіка 1562 году. Гэта крыж сьвятога Юрʼя, ці георгіеўскі. Такі герб маглі выкарыстоўваць толькі тыя краіны, што змагаліся супраць басурманаў.

Мсьціслаў

Мсьціславу расейскія ўлады ў XIX стагодзьдзі далі герб з выявай чырвонага ваўка. Гістарычны ж герб горад меў з 1634 году — руку са шчытом і мячом. А сучасныя геральдысты вырашылі спалучыць два гэтыя сымбалі.

Анатоль Цітоў прыйшоў да высновы, што гербы з выявамі ўзбраеньня і крыжоў у гарадзкой геральдыцы найбольш характэрныя для памежных гарадоў. Мсьціслаў, Крычаў, Віцебск, Веліж (сёньня — у складзе Смаленскай вобласьці) — усе гэтыя гарады маюць выяву зброі на сваіх гербах.

«Усе памежныя гарады сваімі гербамі акрэсьлівалі тэрыторыю краіны», — кажа Цітоў.

Мазыр

Герб Мазыра вельмі блізкі да гістарычнага. Але на прывілеі 1580 году ў цэнтры выявы чорнага арла разьмешчаны срэбны шчыт з лацінскай літарай «S». Гэта знак Стэфана Баторыя. Менавіта ён надаў гораду «майдэборскія правы».

«Сёньня навязаны герб з пустым шчытом, — кажа Цітоў. — Калі б там была кірылічная літара „Л“ ці „П“, улады, напэўна, пакінулі б яе. Гэта халопства вылазіць».

Чавусы

Калі ў канцы 1990-х — пачатку 2000-х зацьвярджалі гарадзкую сымболіку, у большасьці гарадоў абралі менавіта гербы часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Хоць доўгі час тут карысталіся новастворанымі расейскімі знакамі, у Воршы, Чэрыкаве — амаль ва ўсіх гарадах — цяпер выкарыстоўваюць сярэднявечныя гербы.

А вось у Чавусах на Магілёўшчыне пакінулі ня свой герб 1634 году з выявай сьвятога Марціна на кані, а той, што гораду надала Кацярына ІІ у 1781 годзе.

«Калі ў 2001 годзе паўстала пытаньне пра выбар афіцыйнага геральдычнага сымбалю для гораду Чавусы, раённы выканаўчы камітэт аддаў перавагу гістарычнаму гербу 1781 году, бо ён найбольш адлюстроўвае мэнталітэт грамадзянаў», — напісана ў кнізе «Сучасная геральдыка Беларусі» аўтарства Ўладзімера Адамушкі.

«Відаць, ён камусьці нагадвае Пагоню, а таму на ўсялякі выпадак быў зацьверджаны царскі герб — лічыць Цітоў. — А гэта гісторыя. Яе трэба прымаць такой, якая яна ёсьць».

Герб ня мусіць быць падобным да іконы

Таксама сваімі гістарычнымі гербамі не карыстаюцца сёньня ў Мастах і Кобрыні. Масты атрымалі герб у 1791 годзе ад Станіслава Панятоўскага. Менавіта ад караля польскага і вялікага князя літоўскага на сымбаль гораду патрапіла цяля — герб Панятоўскага.

Але замест яго ў 2006 годзе Масты атрымалі саматужны герб з выявай моста і плота.

«Гэта нейкі прымітыўны малюнак, — кажа Цітоў. — Сучасныя гербы анічога ня значаць. Гэта пустая карцінка, нічым не падмацаваная».

Кобрынскія ўлады зацьвердзілі герб толькі па матывах гістарычнага. Хаця захавалася гарадзкая пячатка 1589 году, дзе бачны сюжэт, сучасныя геральдысты распрацавалі новы герб. Ён, праўда, больш нагадвае ікону.

«Гэта прапаганда „папоўшчыны“, — кажа Цітоў. — Гербы мусяць быць у клясычным выглядзе — такое патрабаваньне геральдыкі. А ніякай „папоўшчыны“ і ўпрыгожаньняў там ня мусіць быць».

«Папоўшчыну» геральдыст бачыць і ў менскім гербе. У агульных рысах ён нагадвае гістарычны. Але на сучасным гербе Менску яўныя рысы праваслаўнай іконы.

«Гэта ня герб, а абраз, лубок, — кажа Цітоў. — Па законах геральдыкі, выявы гербаў мусяць выконвацца ў клясычным стылі і ня мець аніякіх канфэсійных адзнак».

Пагоня на гербах зьявілася ў часы Расейскай імпэрыі

Верхнядзьвінск (Дрыса), Лепель, Рэчыца, Ліпнішкі маюць Пагоню на гербе. Але гэта не нагода для гонару, лічыць Цітоў. Пагоня стала зьяўляцца на гербах у канцы XVIII і ў XIX стагодзьдзях. Але яна зьмяшчалася ў ніжняй частцы гербу — пад двухгаловым расейскім арлом.

«Старажытны герб Пагоня надаваўся з адной мэтай — прынізіць жыхароў той часткі Рэчы Паспалітай, якая была вольнай, — лічыць Цітоў. — Вось ваш герб Пагоня, але ён усё роўна будзе пад нашым арлом. А зараз некаторыя ажно захлынаюцца ад замілаваньня, што царскія гербы былі з Пагоняй».

Вельмі рэдка Пагоню атрымлівалі і ў часы Рэчы Паспалітай. Напрыклад, Магілёў займеў новы герб з Пагоняй у 1661 годзе. Гэта адбылося пасьля паўстаньня мясцовых жыхароў супраць расейцаў, якіх раней упусьцілі ў горад.

«Разам з новым гербам Магілёў быў параўнаны ў правах са сталічным горадам Вільняй, — кажа Цітоў. — Каб гэта пазначыць, яму дадалі дзяржаўны герб Пагоню».

Хто сапраўды мусіць мець Пагоню на гербах сёньня — гэта вобласьці, лічыць Цітоў. Паводле ягоных слоў, у геральдыцы працуе прынцып «чым старажытнейшы герб, тым больш да яго павагі». Таму вобласьці мусяць узяць за ўзор гербы сваіх паветаў. А па Статуце 1566 года ўсе паветы княства атрымалі гербы з Пагоняй.

Але ў нас часта замест гістарычных гербаў ствараюць новыя — кампіляцыі імпэрскіх з сучаснымі матывамі. Як, напрыклад, герб Магілёўскай ці Гомельскай абласьцей.

«Герб вобласьці мусіць быць найстаражытнейшым, — кажа Цітоў. — А ў нас пачынаюць нешта выдумляць. Зараз ужо аграгарадкам даюць гербы. Потым будуць сьвінагадоўчым фэрмам — каму заўгодна. Адбываецца натуральная дэвальвацыя самой ідэі герба. Вось ёсьць гістарычныя гербы — усё. На гэтым канец».

Антон Трафімовіч
Радыё Свабода, 3 сьнежня 2016
 
Дата публикации:03.12.2016
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:870
 
Ключевые слова:
ВКЛ Герб города Символика Геральдика
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме