https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Адрэстаўраваны мемарыял "Прарыў"


У 75-ую гадавіну пачатку Вялікай Айчыннай у Беларусі адрэстаўравалі мемарыял, які вядомы далёка за межамі краіны.
Над мемарыялам працавалі стваральнікі «Хатыні»

22 чэрвеня міжвольна ўспамінаюцца школьныя ўрокі па гісторыі, прысвечаныя вайне. І многім хочацца прыйсці, прыехаць да мемарыяла, абеліска, воінскіх могілак. Каб аддаць даніну памяці тым, каму мы абавязаны жыццём, незалежнасцю. Вядома, што наша краіна больш чым іншыя, пацярпела падчас нямецка-фашысцкай акупацыі. Беларусь вядома актыўным партызанскім рухам, падпольнай барацьбой з ворагам. Мемарыяльны комплекс «Прарыў» — сімвал гераізму партызан.
Сёлета ён у выніку карпатлівай рэканструкцыі атрымаў новае жыццё. Менавіта гэта месца стала адным з «эпіцэнтраў» святкавання Дня Перамогі ў Прыдзвінскім краі. Сюды прыедуць людзі здалёку і ў Дзень Незалежнасці Беларусі. Сюды прыязджаюць з розных куткоў свету.

— Вялікая Айчынная стала найвялікшым выпрабаваннем стойкасці і мужнасці жыхароў нашага раёна. Ушачы акупіравалі 3 ліпеня 1941 года. Толькі за першы год вайны немцы знішчылі каля тысячы двухсот чалавек. А за гады акупацыі загінуў кожны другі жыхар Ушацкага раёна. Ворагі спалілі і знішчылі больш за 50 вёсак. Людзі супраціўляліся. Была створана Полацка-Лепельская партызанская зона з цэнтрам ва Ушачах. У шэрагі народных мсціўцаў уступалі жанчыны, дзеці, старыя...

Адкрыццё комплексу «Прарыў» адбылося 30 чэрвеня 1974 года з удзелам Герояў Савецкага Саюза У. Лабанка і А. Марэсьева.

«Прарыў» штогод наведвае больш за 10 тысяч гасцей і жыхароў нашага раёна, — паведамілі ва Ўшацкім райвыканкаме.

Скульптар мемарыяла — А. Анікейчык; архітэктары — Ю. Градаў і Л. Левін (стваральнікі і мемарыяльнага комплексу «Хатынь»).

«Прарыў» — адзін з самых значных твораў манументальнага мастацтва БССР. Комплекс занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Заслужаны архітэктар Беларусі Юрый Градаў быў зацверджаны навукова-метадычнай радай Міністэрства культуры навуковым кіраўніком рэстаўрацыйных работ на «Прарыве». Паралельна ён мог ажыццяўляць аўтарскі нагляд за мемарыялам.

Прарвалі акружэнне

Мемарыяльны комплекс прысвечаны прарыву блакады партызанскімі атрадамі Полацка-Лепельскай зоны.

Вясной 1944 года Чырвоная Армія рыхтавалася да Беларускай аперацыі. Паміж Віцебскам, Полацкам, Лепелем сканцэнтраваліся асноўныя сілы партызан. Толькі ў згаданай вышэй партызанскай зоне ў пачатку 1944 года знаходзілася 15 брыгад і партызанскі полк. У іх складзе ваявала больш як 17 тысяч чалавек. Пад кантролем народных мсціўцаў была тэрыторыя каля 3245 квадратных км, 1220 населеных пунктаў з насельніцтвам звыш 70 тысяч чалавек.

Каб ачысціць тылы ад партызан, гітлераўцы правялі некалькі карных аперацый. Асноўная — «Вясновае свята». У ёй удзельнічалі 6 дывізій, 12 палкоў СС і паліцыі (агульная колькасць каля 60 тысяч чалавек). Аперацыя пачалася 11 красавіка 1944 года. Галоўны ўдар быў нанесены з поўдня сіламі дзвюх нямецкіх дывізій. Аднак партызаны аказалі захопнікам бязлітаснае супраціўленне. Дапамогу аказвалі войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту, партызаны Сенненска-Аршанскай, Барысаўска-Бягомльскай і Вілейскай партызанскіх зон.

25 сутак нашы дзяды і прадзеды адбівалі атакі ворага. Аднак 27 красавіка, выкарыстаўшы колькасную перавагу, карнікі звузілі кальцо акружэння агульнай працягласцю 20 кіламетраў (у раёне Ушачаў). І жорсткія баі працягваліся на невялікім участку. У такіх умовах у ноч на 5 мая 1944 года партызаны рашыліся на прарыў акружэння ў раёне вёсак Новае Сяло, Пліна і Паперына. У выніку з акружэння выйшлі ўсе партызанскія атрады, а таксама каля 15 тысяч мясцовых жыхароў.

Дзеля памяці

Дамінанта комплексу — бетонная сцяна даўжынёй 11 метраў, якая расколата на дзве часткі. У цэнтры — бронзавая фігура партызана вышынёй 9 метраў.

З правага боку ад скульптуры знаходзяцца больш за 30 мемарыяльных пліт. На іх пазначаны імёны 1450 герояў, якія загінулі ў час блакады і прарыву. На верхняй пляцоўцы мемарыяла пахаваныя 450 партызан. Тут жа — «піраміда» з трох карабінаў і стужка, на якой словы: «Яны загінулі ў барацьбе з ворагам, выканаўшы свой свяшчэнны абавязак перад Савецкай Радзімай і гісторыяй». На ўзвышшы 16 дубоў, якія сімвалізавалі стойкасць 16 партызанскіх брыгад.

— З часам тэхнічны стан мемарыяльнага комплексу пагаршаўся. І летась кіраўніцтва вобласці, раёна прыняло адпаведнае рашэнне. У канцы мая 2015 года на выязным пасяджэнні штаба па рэстаўрацыі старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў паставіў канкрэтныя задачы, — нагадалі ў галоўным упраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама. — Рэканструкцыя стала літаральна «народнай будоўляй» і праведзена ў рэкордныя тэрміны. Грошы пералічвалі нераўнадушныя людзі, арганізацыі, прадпрыемствы, камерцыйныя структуры. Сродкі зараблялі і падчас леташняга і сёлетняга рэспубліканскіх суботнікаў. У гэтым годзе, у прыватнасці, такім чынам накіравалі больш за 4,1 мільярда рублёў.

Адноўлены мемарыял уражвае веліччу. Безумоўна, кожны жыхар нашай краіны павінен пабываць на «Прарыве».

Аўтар: Аляксандр Пукшанскі
pukshanskі@zvіazda.by
Звязда, 22 чэрвеня 2016
Ушацкі раён — Віцебск 
 
Дата публикации:22.06.2016
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:978
 
Ключевые слова:
Віцебск Мемориал "Прорыв" Реставрация Великая Отечственная война Партизаны Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме