https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У Мінску прайшла акцыя апазіцыі "Праспект нацыянальнага сцяга"


Больш за тры дзясяткі чалавек узялі ўдзел у акцыі "Праспект нацыянальнага сцяга", якая прайшла 14 мая ў цэнтры Мінска.
Акцыя была прысвечана 21-й гадавіне рэферэндуму 1995 года, па выніках якога бел-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня" перасталі быць дзяржаўнымі сімваламі Беларусі.

Пікет, які арганізавала зарэгістраванае ў Чэхіі аб`яднанне "Малады фронт", пачаўся на Кастрычніцкай плошчы а 12-й гадзіне і доўжыўся больш за гадзіну. Актывісты сталі на плошчы ўздоўж праспекта Незалежнасці ад Палаца прафсаюзаў да ўніверсама "Цэнтральны" з бел-чырвона-белымі сцягамі, некаторыя раздавалі прахожым стужачкі з такой жа сімволікай.

У пікеце ў тым ліку ўдзельнічалі актывіст "Маладога фронту" Зміцер Дашкевіч, грамадскія актывісты Вольга Нікалайчык, Максім Вінярскі, Леанід Кулакоў, пенсіянерка Ніна Багінская, экс-палітвязні Мікалай Аўтуховіч і Мікалай Статкевіч.

За акцыяй назіралі больш за два дзясяткі супрацоўнікаў праваахоўных органаў у цывільным на чале з начальнікам мінскай міліцыі Аляксандрам Барсуковым.

З самага пачатку акцыі і да яе завяршэння міліцыянеры ў форме складалі пратаколы на яе ўдзельнікаў. Якіх-небудзь інцыдэнтаў паміж удзельнікамі і праваахоўнікамі не было, міліцыянеры былі падкрэслена ветлівыя, адзін з іх падчас складання пратакола сказаў, што "ў кожнага свая праца". Разам з тым некаторыя невядомыя людзі ў цывільным адзенні ў грубай форме патрабавалі ад журналістаў сысці.

На працягу ўсёй акцыі на плошчы некалькі разоў з`яўляліся ўборачныя машыны, якія палівалі адзін і той жа ўчастак уздоўж Кастрычніцкай плошчы. Рух тут некалькі разоў частковага перакрываўся.

Адзін з актывістаў паставіў два бел-чырвона-белыя сцягі на флагштоку слупа асвятлення ўздоўж праспекта. Праз паўгадзіны камунальнікі знялі сцягі, прыехаўшы на машыне з пад`ёмнікам.

У размове з журналістамі Мікалай Статкевіч адзначыў: "Я не мог не прыйсці сюды, каб паціснуць руку і падтрымаць гэтых у асноўным маладых людзей, якія выйшлі сюды, каб паказаць, што ўладам не ўдалося забраць у беларусаў іх душу — іх нацыянальныя сімвалы".

Зміцер Дашкевіч станоўча ацаніў гэтую акцыю. "Для сённяшняга дня прыйшло вельмі шмат людзей. Мы раздалі некалькі сотняў бел-чырвона-белых стужачак. І рэакцыя 90% прахожых была вельмі пазітыўнай. Некаторыя пабойваліся браць, казалі, ведаюць, што гэта за сцяг, але браць адмаўляліся. Але я вельмі рады, што і старэйшае пакаленне, і маладыя людзі пазітыўна рэагавалі на нас".

19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет БССР прыняў закон аб назве рэспублікі, у адпаведнасці з якім яна стала называцца Рэспублікай Беларусь. Была ўведзена новая дзяржаўная сімволіка — бел-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня".

14 мая 1995 года па ініцыятыве абранага прэзідэнтам Аляксандра Лукашэнкі быў праведзены рэферэндум, на які выносіліся пытанні аб скасаванні бел-чырвона-белага сцяга і герба "Пагоня" ў якасці дзяржаўных сімвалаў, адмене статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, а таксама аб эканамічнай інтэграцыі з Расіяй і праве прэзідэнта распускаць парламент.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 14 мая 2016
 
Дата публикации:14.05.2016
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:800
 
Ключевые слова:
Акция Национальные символы Пагоня Оппозиция в Беларуси Мінск
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме